Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

 Паломніцтва - добры спосаб абнавіць духоўныя сілы і правесці час з глыбокім сэнсам. Удзельнікі руху “Сужэнскія  Сустрэчы" вырашылі выкарыставаць гэту выдатную магчымасць у пілігрымцы да Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішын (у гэты раз на роварах). Ровар - гэта асаблівы транспарт, які дае і пачуццё свабоды і палёту над зямлёй. Кожны з нас, адчуваючы гэту волю, перажываў гэты час індывідуальна, знаходзячыся ў сталым кантакце з Богам, вырашаючы свае асабістыя пытанні ў стаўленні да Яго.

Першы дзень (20 жніўня) падарыў нам не толькі добрае надвор'е, але і шмат сустрэч з цікавымі людзьмі.  На шляху пілігрымавання ў сваіх прыходах нас сустракалі: а. Ян Глінка ў д. Дарава, а. Станіслаў Маленькі ў Ляхавічах, кс. Дзмітрый Кернога ў Мядзведзічах. Гасціннасць гаспадароў, сумесная малітва і блаславенне на далейшую дарогу напоўнілі нас новымі сіламі. На зыходзе дня ў Ганцэвічах кс. Павел Врубель, духоўны кіраўнік велапаломніцтва, адслужыў Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх нас і нашых сем'яў. У ветлівых гаспадароў, якія прынялі нас на начлег, седзячы за сталом пад адкрытым небам, абсыпаным зоркамі, мы дзяліліся сваімі думкамі, перажываннямі і спявалі песні. У гэтых, на першы погляд, дробязях адчувалася рука Бога і малітва Марыі за ўсіх нас.

Другі дзень (21 жніўня) прайшоў у большай ступені ў руху. "Палявы" абед, прыгатаваны кіроўцам нашага "буса" панам Вацлавам, надаў шмат сіл, а бесперапынны дождж дадаў нам практыкі ў пераадоленні цяжкасцяў  але і ў той жа час радасці ад гэтага пераадолення. ( Як спяваецца ў нашай песні велапаломніка:"не смей на миг ослабеть, сумей себя преодолеть"). 

Увечары, наскрозь змоклых, але бязмерна шчаслівых, нас сустрэў кусташ Санктуарыя ў Лагішыне а. Тадэвуш. Наша сумесная малітва падзякі Богу і Марыі за гэты  цудоўны  час стала вынікам нашага вандравання. А ўзнагародай ад Бога за наш жыццёвы выбар на гэтыя дні былі выдатнае надвор'е на свята Маці Божай Каралевы Палесся 22 жніўня, добры настрой, пачуццё радасці і шчасця, шмат сустрэч з блізкімі па духу людзьмі і пачуццё дачынення да планаў Бога. Дзякуй Табе, Пане, за гэтыя дні!

                                                      Аляксандр і Святлана Квяткоўскія

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне