Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

«Сужэнскiя сустрэчы» - рух у Касцёле, якi арганiзоўвае рэкалекцыi для сужэнцаў. Мэтай гэтых рэкалекцый з‘яўляецца паглыбленне i аднаўленне сужэнскай еднасцi i любовi. Падчас сустрэч кожная сужэнская пара можа перажыць свежасць узаемных пачуццяў, паглыбiць сваё каханне альбо адкрыць яго нанова, аднавiць адчуванне сутнасцi таямнiцы шлюбу. Мужу i жонцы прапаноўваецца дыялог, якi вядзецца толькi памiж iмi i дапамагае лепшаму ўзаемапаразуменню, дапамагае радавацца сужэнскаму жыццю, нанова адкрываць яго прыгажосць. Паводле досвiду, на рэкалекцыi могуць прыязджаць i сужэнцы, якiя перажываюць сур’ёзныя канфлiкты. Наогул, запрашаецца кожная сужэнская пара, якая намерваецца развiваць сваё супольнае жыццё. Рух «Сужэнскiя Сустрэчы» праводзiць таксама «Вечары для закаханых» i «Вечарыны для нарачоных», якiя падрыхтоўваюць маладых людзей да таямнiцы шлюбу.

Рэкалекцыi распачынаюцца ў пятнiцу а 18-й гадзiне, а завяршаюцца ў нядзелю каля 15 00. Iх праводзяць падрыхтаваныя сужэнскiя пары i святар. Рэкалекцыi арганiзаваныя ў рэкалекцыйных дамах альбо ў iншых памяшканнях з дастатковай колькасцю пакоеў для ўдзельнiкаў (10-15 сужэнскiх пар). Падчас рэкалекцый кожная сужэнская пара павiнна мець асобны пакой.

Дзейнасць «Сужэнскiх Сустрэч» скiраваная на дасягненне паўнаты хрысцiянскага жыцця i дасканаласцi кахання. Яна спрыяе здзяйсненню паклiкання кожнага чалавека да святасцi праз таямнiцу шлюбу i сям’ю.

Асноўным у працы руху з’яўляецца прапанова сужэнскiм парам жыць праз дыялог. Псiхалагiчныя i тэалагiчныя асновы гэтага дыялогу распрацаваныя ў Асацыяцыi. Iстотнае значэнне маюць i «прынцыпы дыялога», а менавiта: болей слухаць, чым гаварыць, разумець, а не ацэньваць, дзялiцца, а не дыскусаваць, а самае галоўнае – прабачаць. Гэтыя прынцыпы палягаюць у аснове ўсіх формаў працы руху. Яны тычацца адносiн у шлюбе i сям’i, у асяродку супольнасцi арганiзатараў i ўдзельнiкаў, а таксама пры ўзаемаадносiнах з iншымi людзьмi. Асаблiвым чынам яны тычацца малiтвы, усведамленню рэальнасцi i прыняцця штодзенных рашэнняў, а таксама жыцця перад Богам. Больш, чым трыццацiгадовы вопыт працы паказаў, што «Сужэнскiя Сустрэчы» з’яуляюцца дзейнай формай яднання сужэнцаў i сям’i, а таксама супрастаяць распаду сям’i.

Рух зарадзiўся ў Польшчы ў 1977-78 гадах. Заснавальнiкамi «Сужэнскiх Сустрэч» як руху, а пасля Асацыяцыi нацыянальнага i міжнароднага маштабу ў краiнах Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы, з’яуляюцца Iрэна i Ежы Гжыбоўскiя. Iнiцыятарам першай, эксперыментальнай сустрэчы быў Станiслаў Багушэўскi. Iрэна i Ежы Гжыбоўскiя заклалi аснову далейшага развiцця дзейнай праграмы, займалiся стварэннем новых апостальскiх праграм, духоўным навучаннем усiх зацiкаўленных, а таксама заснаваннем чарговых цэнтраў у Польшчы i краiнах Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы. Большасць праграм створаны ў Польшчы i перанесены ў Беларусь, Лiтву, Латвiю, Малдову, Расiю, Румынiю, Украiну i Казахстан.

На Беларусi з 2004 г. рэгулярна 2-3 разы ў год праходзяць рэкалекцыi «Сужэнскiх Сустрэч». Удзельнiкамi рэкалекцый могуць быць усе жадаючыя сужэнствы, не гледзячы на канфесiйную прыналежнасць i наяўнасць шлюба  ў царкоўных установах. 

Сужэнствы, перажыўшыя рэкалекцыi i пажадаўшыя i далей паглыбляць свой дыялог, кожны месяц збiраюцца на спецыяльна арганiзаваныя заняткi.

Першаасновай працы з’яўляюцца Эвангелле i навучанне Касцела. «Сужэнскiя сустрэчы» маюць вiдавочны экуменiчны падыход. Асацыяцыя намерваецца прыўнесцi пачуццё эвангельскай любовi i дыялогу ва ўсе галiны грамадскага жыцця, захаваць адзiнства ў разнастайнасцi i будаваць гэтае адзiнства з пачуццём любовi да Бога i блiжняга. 

 

Пакінуць паведамленне