Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

 

“Пасіце статак Божы”. Пад такім дэвізам 12-14 верасня 2014 года ў польскім гарадку Здуньска Воля прайшоў Міжнародны Кангрэс Лідэраў Сужэнскіх Сустрэч. Асноўным пунктам праграмы былі выбары новага Міжнароднага Праўлення Асацыяцыі. Перад гэтым Ірэна і Ежы Гжыбоўскія прадставілі справаздачу аб дзейнасці папярэдняга складу Праўлення. Можна было даведацца шмат цікавых фактаў, напрыклад, адносна статыстыкі праведзеных мерапрыемстваў і колькасці ўдзельнікаў. 

Неўзабаве пасля гэтага прайшла сесія, у выніку якой былі выбраныя: Лідэрамі – Дайна і Улдзіс Журыла (Латвія), намеснікамі – Ірэна і Ежы Гжыбоўскія (Польшча), скарбнікам – Віра Кузымківа і Зэнэк Кузымків як член Праўлення (Украіна), членамі Праўлення – Алена і Павел Кузьміцкія (Беларусь).

Як і заўсёды, праграма Кангрэсу была ў тым ліку і фармацыйнай. Адзначалася, у прыватнасці, патрэба далейшага клопату аб прафесіяналізме правядзення Сужэнскіх Сустрэч. Мела месца плённая дыскусійная праца ў групах адносна ролі лідэраў у фарміраванні адносінаў у Цэнтры і паміж Цэнтрамі, у падрыхтоўцы пераемнікаў і знаходжанні свайго месца ў якасці былых лідэраў, у адносінах паміж аніматарамі – сужэнскімі парамі і святарамі.

Біблійная медытацыя нядзельнай раніцай дазволіла яшчэ раз засяродзіцца на сваёй ролі лідэраў. Сапраўды, разам з Панам Богам мы становімся мацнейшымі пастырамі, адначасна заставаючыся слабымі авечкамі, якім патрэбная Яго дапамога.

Нядзельная фармацыйная сустрэча мела назву “Раскінуць крылы”. Гутарка ішла пра пашырэнне гарызонтаў і новы погляд у сферы харызмату, арганізацыі працы, праграм, а таксама пра “пашырэнне ўяўлення”. Аніматары казалі, у прыватнасці, пра тое, як важна пераадольваць свае ўнутраныя бар’еры, сведчыць пра сужэнскую еднасць і найперш памятаць пра дыялог як аснову ўсяго.

Праграма Кангрэсу была пабудавана такім чынам, што дастаткова шмат часу адводзілася на індывідуальныя кантакты. Гэта была цудоўная магчымасць паразмаўляць са старымі сябрамі і пазнаёміцца з новымі людзьмі.

“Пасіце статак Божы” – заклік для кожнай сужэнскай пары Лідэраў, да кожнага духоўнага кіраўніка ў Сужэнскіх Сустрэчах. 

                                                                                         Алена і Ян Лубінскія

 

Чарговы кангрэс Лідараў - месца задумацца над роляй і месцам Лідараў і Дарадцаў Духоўных у Сужэнскіх Сустрэчах. Прыгледзецца да чужога досведу і ўсталяваць новыя сувязі ў міжнароднай абшчыне. А плюс да гэтага яшчэ і Выбары ў Кіраванне Місіяй... Мы, як Лідары, нясём свой стыль "як пасвіць статак Божы" і не рэдка гэты стыль падсвядома капіюе мадэлі кіравання месцамі нашай працы, службы, вучобы. А гэта не заўсёды паводле з Евангельскімі заклікамі. Часам "пасвім карысліва, прымусна, пануючы", такі стыль вядома не шмат можа прынесці. Такім чынам заклік " пасіце ахвотна, богаўгодна,рупліва, падаючы прыклад статку"- адкрывае дарогу да свабоды і адкрытасці ва ўдзельнікаў. І выдатна, калі кіраўнікі з Сужэнскіх Сустрэч, выхоўваючы ў сабе Хрысціянскі дух мэнэджменту,  пераносяць яго ў месцы працы, вучобы, прыходы, уласныя сем'і. Молім Бога пра абранае Кіраванне Місіі Сужэнскіх Сустрэч, каб іх удзел у Кіраванні было праўдзівым і бескарыслівым служэннем у распаўсюджванні Добрай Весткі пра выратаванне.                                                                                                                                      Павел і Алена Кузьміцкія

               

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне