Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

 З вялікай радасцю хочам падзяліцца добрай весткай. З 5 па 7 снежня 2014 года ўпершыню адбыліся рэкалекцыі руху "Сужэнскія Сустрэчы" на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў горадзе Орша. Да гэтага часу ўжо шмат сем’яў з віцебшчыны прымалі ўдзел ва ўвікендах руху, а зараз з’явілася сапраўдная надзея на актыўнае развіццё "Сужэнскіх Сустрэч" у віцебскай вобласці і сапраўдную дапамогу сем’ям, як пад час крызісаў і непаразуменняў, так і ў звыклым штодзенным жыцці.

 
Кожны з нас шукае сапраўднай еднасці са сваім мужам альбо жонкаю, імкнецца да паразумення ў штодзенным жыцці, цепліць у сэрцы надзею на чыстую любоў і праўдзівыя адносіны паміж сабою. Падчас адвэнтовых рэкалекцый пяць сем’яў з Віцебска атрымалі не толькі неабходныя для гэтага веды і методыку сапраўднага дыялогу, а таксама надзею і благаслаўленне Божае на вырашэнне сваіх жыццевых канфліктаў, зразумелі на якім падмурку могуць будаваць адносіны ў сваіх сем’ях.
 
Усімі неабходнымі ведамі пра сямейны дыялог і вялікай колькасцю ўласных  жыццевых прыкладаў падзяліліся ў сваіх сведчаннях тры пары падрыхтаваных аніматараў - Павел і Лена Кузьміцкія (Мінск), Аляксандр і Святлана Квяткоўскія (Баранавічы) і Аляксандр і Вольга Панамаровы. Як аніматары, так і ўсе сужэнствы вельмі ўдзячныя за глыбокую духоўную падтрымку айцу Браніславу з манаскага ордэна Дамініканаў. У гэты важны час Адвэнту ўсе ўдзельнікі змаглі стаць бліжэй адзін да аднаго ў сваіх сем’ях, а таксама зразумець наколькі блізка есць Бог да іх сужэнства нават у самыя цяжкія хвіліны жыцця.
 
Хочацца адзначыць па-сапраўднаму дабразычлівую, цёплую і адкрытую атмасферу на працягу ўсіх 3-х дзен рэкалекцый. Аніматары асаблівым чынам удзячныя ўдзельнікам за давер, пунктуальнасць і адкрытасць на веды, а таксама ўзаемную дапамогу.
-          На гэтых рэкалекцыях мне было вельмі лёгка. Зараз адчуваю абнаўленне і вызваленне ад цяжару, які ляжаў на сэрцы.
-          Калі рыхтаваліся да удзелу ў якасці аніматараў, было прагненне дапамагчы іншым сем’ям сваімі жыццевымі дасвядчэннямі. Але Добры Бог зрабіў так, што кожная сем’я, якая першы раз прымала ўдзел, стала своеасаблівым сведчаннем і прыкладам для нас саміх.
-          Ад'язджаю з пачуццём упэўненасці, што трэба праводзіць такія ўвікенды. Атрымаў добры зарад для сваіх духоўных батарэй.
 
Прыемна было бачыць слёзы радасці на вачах удзельнікаў рэкалекцый падчас выніковага дзялення сваімі пачуццямі:
-          Гэта была выдатная магчымасць выказаць свае пачуцці. Адчуваю пачуццё гонару за сваю жонку і тое,што стаў бліжэй да Госпада.
-          Ехаў з цікавасцю, у першы дзень паўсталі неадназначныя пачуцці, а сёння я ад'язджаю з вялікімі планамі на будучыню. Ніколі не пашкадуем, што гэта адбылося у нашым жыцці.
-          Я знайшла ў сабе сілы прабачыць мужу. Ўдзячная Богу, што ён даў мне шанец папрактыкавацца ў прабачэнні. Зноў з'явілася надзея. Веру, што даруючы, мы атрымліваем Божую ласку для сваёй сям'і і сваіх дзяцей.
-          У апошні час у галаве было толькі ўсё дрэннае. Дзякуючы рэкалекцыям нанава адкрываем добрае, кладзём на шалі добрае і дрэннае і добрае перавешвае.
-          Шмат даведаўся пра сябе, пра жонку. Гэтыя заняткі - адпраўная кропка для нашага далейшага сямейнага жыцця.
-          Мне здавалася, што ўжо немагчыма вырвацца з нашых праблем, у нас не было дыялогу. Кранула адкрытасць аніматараў. Ад'язджаю з пачуццём натхнення і радасці. Бачу, што гэтыя рэкалекцыі вельмі шмат прынеслі ў нашу сям'ю.

                                                          Вольга Панамарова  

 

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне