Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

“Моц у слабасці дасканаліцца.”
Першы кангрэс беларускіх аніматараў руху “Сужэнскія сустрэчы” прайшоў 18-20 студзеня 2013 г. ў г. Баранавічы.
Упершыню сабраліся сужэнскія пары і духоўныя асобы – аніматары руху з Мінскага і Баранавіцкага цэнтраў, каб падсумаваць зробленае за 10 год развіцця “Сужэнскіх сустрэч” у нашай краіне, паразважаць над праблемамі сям’і і ўмацаваць уласнае сужэнства ў веры, надзеі і любові. Утульны дом айцоў-вербістаў, у якім часта праходзяць асноўныя рэкалекцыі руху, на гэты раз стаў месцам сустрэчы супольнасці аніматараў і паглыблення дыялогу і ўзаемапаразумення.
Кангрэс уключаў некалькі момантаў, якія па-свойму умацоўвалі сужэнскую сувязь і супольнасць аніматараў. Важнай часткай з’яўлялася дзяленне аніматарамі сведчаннямі развіцця свайго сужэнства. Дэвізам кангрэса былі выбраны словы св. ап. Паўла з Другога паслання да Карынцянаў: “Моц у слабасці дасканаліцца”. Удзельнікі кангрэсу разважалі над урыўкам 2 Кар 12, 1-11 у дачыненні да адносінаў у сям’і, паглыблення сувязі паміж мужам і жонкай і з Богам, прымання ўласных слабасцяў, якія моцай Божай становяцца чарговымі этапамі ўзрастання ў веры. Аніматарамі былі падрыхтаваныя сустрэчы, дзе закраналіся найбольш складаныя праблемы сям’і – неразуменне пачуццяў, сямейныя крызісы, адносіны з дзецьмі, сувязь з Богам і інш. Духоўныя асобы – пяць святароў і сястра законная – у сваім дзяленні прадстаўлялі погляд Касцёла на сужэнскія праблемы, дзяліліся ўласным вопытам святарскага і законнага жыцця. Дыялог у сямейнай пары закранаў найбольш вострыя пытанні, сужэнцы не баяліся прызнацца у сваіх слабасцях адно аднаму, духоўныя асобы ў дыялогу з Богам прадстаўлялі ўласныя слабасці і прасілі падтрымкі на шляху паклікання.
Цэнтральнай часткай кангрэсу сталі духоўныя практыкаванні, якія мелі на мэце паглыбіць еднасць сужэнцаў з Богам. У суботу перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам аніматары зрабілі грунтоўны рахунак сумлення, карыстаючыся школай дыялогу “Сужэнскіх сустрэч”. Няпроста ў штодзённым жыцці заўважаць свае слабасці і недахопы любові да мужа/жонкі, прызнаць свае памылкі, папрасіць прабачэння. Неабходна суцішыцца і перад Езусам стаць у праўдзе пра сябе, якою б горкаю тая праўда не была. Не заўсёды перад споведдзю ўдаецца так глыбока перажыць уласную недасканаласць, з усёй шчырасцю даверыць Пану Богу свае слабасці і папрасіць прабачэння. Для многіх гэты рахунак сумлення і споведзь сталі самымі сур’ёзнымі ў жыцці.
Нядзеля пачалася з Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта, калі сямейныя пары і духоўныя асобы падчас медытацыі прыносілі свае просьбы да Пана Бога, маліліся за сваіх родных, сяброў, знаёмых, прасілі ў Міласэрнага Езуса ласкі ўмацавання ў веры, пераадолення уласных слабасцяў, павелічэння радасці ў сем’ях. Нядзельная Святая Імша, якая адбылася неўзабаве, стала лагічным завяршэннем кангрэса. Кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, які ўзначальваў Літургію, у гаміліі адзначыў неабходнасць прыняць і развіваць тыя дары Духа Святога, якія атрымала кожнае сужэнства аніматараў, патрэбу несці святло Божай любові сучасным сем’ям, якія перажываюць глыбокі крызіс.
Неад’емнай радасцю кангрэсу стала суботняя забаўляльная праграма, якая ўключала танцы, гульні і салодкі стол. Для многіх сужэнстваў такая праграма стала нечаканасцю, некаторыя казалі, што даўно марылі так патанчыць і весела правесці час. Сямейныя пары развучвалі ірландскія, польскія танцы, гулялі ў беларускія народныя гульні. Не важным быў ўзрост і стаж сямейнага жыцця, усе радасна танцавалі і смяяліся як дзеці. Ніхто не адчуваў стомленасці, Да позняй ночы працягваліся забавы, у якіх сужэнцы маглі паглядзець на сваю палавінку, а таксама на духоўных асоб з нечаканага, незвычайнага боку.
Дзяленне пасля кангрэсу паказала, што радасць перапоўніла ўдзельнікаў, многія адчувалі такую еднасць у супольнасці аніматараў, як у сям’і. Адзначалася, што будучыня Касцёла – у сем’ях і што аніматарам патрэбна несці сваю любоў іншым сем’ям. Былі выказаныя шкадаванні, што гэтая сустрэча заканчваецца, і пажаданні часцей праводзіць падобныя мерапрыемствы.
Кангрэс завяршыўся, але праца аніматараў руху “Сужэнскія сустрэчы” працягваецца. Яшчэ шмат сем’яў жывуць без дыялогу і ўзаемапаразумення, перажываюць цяжкасці і канфлікты, многія сужэнствы не вытрымліваюць гэтага і распадаюцца. Але надзея ёсць, у Касцёла шмат магчымасцяў, каб дапамагчы такім сем’ям. І адным з варыянтаў ёсць удзел у рэкалекцыях “Сужэнскіх сустрэч”, дзе дыялог і любоў паміж мужам і жонкай ператвараюцца са слоў у дарогу сужэнства, па якой удваіх крочыць значна лягчэй, чым прадзіраючыся праз церні канфліктаў і сварак, па дарозе, якая вядзе да еднасці з Богам, як і прадугледжана ў Божых планах. Немалаважным з’яўляецца той факт, што, як адзначыў падчас кангрэсу кс. Генадзь Кухарэвіч, бласлаўленне удзельнікаў “Сужэнскіх сустрэч” асабліва праяўляецца ў дзецях, а дакладней у павелічэнні іх колькасці – павелічэнні сямейнага шчасця. Шчыра запрашаем прыняць удзел ва ўікендах “Сужэнскіх сустрэч”, каб стаць рэальна шчаслівай сям’ёй.
                                                                                                                                                            Іван Лубінскі

 

 


 
 
 

 

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне