Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

З 25 па 27 жніўня 2023 г. у Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшоў асноўны WE руху «Сужэнскія Сустрэчы». Праводзілі ўікэнд аніматары: галоўная пара Уладзімір і Юлія Шылко (Баранавічы), Аляксей і Марына Куратнік (Івацэвічы), Станіслаў і Вікторыя Старчанка (Пінск) - дэбютанты, кандыдаты ў аніматары, айцец Конрад Патыка SVD (Баранавічы) і канцлер Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка (Пінск).

На рэкалекцыі запісалася 6 пар, прыехалі 4 сужэнствы з розных гарадоў Беларусі. Удзельнікі былі рознага ўзросту (ад 24 да 60 гадоў) і з розным шлюбным стажам (ад 2 месяцаў да 39 гадоў). Аб плёне рэкалекцый можна меркаваць па дзяленні ўдзельнікаў:

* Гэты цудоўны ўікэнд даў нам магчымасць падзяліцца адзін з адным столькімі думкамі, паглыбіць адносіны і разуменне адзін аднаго ў спакойнай абстаноўцы, без канфліктаў. Пытанні як быццам спецыяльна для нас падабраны, па кожным - такі паток думак і ўсведамленняў. Часам такіх думак, якія ў звычайным жыцці і прамаўляць ніякавата, а тут накшталт дазволілі. Прыйшло большае прыняцце і даверу да волі Божай, разуменне таго, што толькі Ён можа адрадзіць нашу любоў.

*Я адчула пачуццё падзякі і палёгкі. Мы з мужам змаглі выказаць вельмі шмат адзін аднаму таго, што не маглі прагаварыць дома. Атрымалі інструмент для правільнага вядзення дыялогу. Я думаю, што мы паспрабуем прадоўжыць гэтую практыку дома. Я ўдзячная, што ў мяне была магчымасць праспяваць Псалм, я вельмі хвалявалася. Для мяне гэта крок пераступіць праз свой страх і сарамлівасць і выканаць сваё вялікае жаданне.

*На гэтых рэкалекцый я адчуў спакой, прымірэнне. Пазітыўнае агульнае ўражанне. У адносінах з жонкай атрымалася зазірнуць далей (раней гэтага не хацелася), атрымаўся спакойны, без эмоцый дыялог. Дыялог – вельмі цікавая прылада. Дадому з'яжджаю з пачуццём спакою, упэўненасці, адчування, што Бог падкажа як дзейнічаць.

*Гэтыя рэкалекцыі выклікалі ў мяне прыемныя пачуцці. Я вельмі рада, што патрапіла сюды. Я ўзяла для сябе вельмі шмат інфармацыі, з якой буду працаваць. Я зразумела, што мы з мужам маем шмат аднолькавых поглядаў у жыццёвых пытаннях. Я зрабіла выснову для сябе, што мне трэба прымаць чужыя недахопы і мяняць сябе. Дадому я вяртаюся з правіламі дыялогу, якія вельмі простыя, але дзейсныя. Гэтымі правіламі я буду карыстацца не толькі з мужам, але і з іншымі людзьмі.

*Было вельмі цікава і пазнавальна. Цяпер мы будзем ведаць аб правілах дыялогу і будзем імі карыстацца. Я думаю, што нашай маладой сям'і гэта дапаможа.

*Хачу сказаць, што я была на рэкалекцыях, але адна. А калі я даведалася пра сужэнскія сустрэчы, мне захацелася прапанаваць мужу, але думала, што ён скажа "не". Але нечакана для мяне, ён адразу адказаў мне, што паедзем. Гэта было проста выдатна! Але калі, мне патэлефанавалі і паведамілі, што перанеслі на тыдзень рэкалекцыі, я адразу знервавалася, але потым аддала ўсё Богу і зразумела, што значыць так трэба. Тут я адчула пачуцці радасці і кахання. Зразумела, што мы з мужам у многіх пытаннях мыслім аднолькава, але ёсць пра што падумаць. Дадому я вяртаюся з чатырма правіламі дыялогу, якімі будзем карыстацца дома. Усім кіруе Бог!

*У мяне гэтыя рэкалекцыі выклікалі вельмі прыемныя пачуцці. Ехаў сюды, перажываў пачуццё цікавасці да невядомага: гораду Пінску, семінарыі, рэкалекцыям. Надзеі апраўдаліся! З'яжджаю з пачуццям радасці і задаволенасці.

* Мне вельмі прыемна бачыць маладых людзей, якія спазнаюць Бога і ідуць разам з Ім. Гэта выклікае пачуцці спакою, разумення. Я атрымала праўдзівае захапленне і мне прыемна было тут быць. Я разумею, што вучыцца трэба заўжды, у любым узросце. Мы шмат ужо дасягнулі з мужам, але Божая любоў не мае ніякіх межаў. Я шчаслівая, што была тут.

*Я адчуваю гонар за ўсіх нас, што мы знайшлі магчымасць, адклалі ўсе справы і прыехалі сюды. Я часта зараз кажу такую фразу, што толькі праз цяжкасці можна дабіцца выніку. Калі нешта даецца лёгка, то і сыходзіць лёгка і не застаецца ніякага следу, але калі Гасподзь дае нам цяжкасці, то гэта дасць свой плён. Я зразумела, што мы мусім быць тут. З мужам нам ёсць над чым працаваць у нашых адносінах, а галоўнае ў нас ёсць інструмент, а таксама Гасподзь, які нам у гэтым дапаможа. Дадому я вяртаюся з пачуццём задавальнення, лёгкасці і я атрымала зарад новых сіл і эмоцый. А самае галоўнае, пасля кожных рэкалекцый у мяне з'яўляецца пачуццё ўпэўненасці ў карысці таго, чым займаемся.

*На нашы першыя рэкалекцыі мы патрапілі ў 2020 годзе, як удзельнікі, а сёння мы як дэбютанты ў аніматары. На гэтым WE-дзе я больш глыбока ўвайшоў у нашы з жонкай адносіны. Яшчэ зразумеў, што мы з ёй глядзім у адным напрамку. Вяртаюся дадому з пачуццём лёгкасці і напоўненнасці.

*У мяне было пачуццё страху, таму што мы былі як аніматары. Удзельнікамі быць прасцей. Нам нялёгка было вырашыцца напісаць анімацыі, гэта трэба было расказаць пра нашы адносіны чужым людзям. Былі перажыванні. Калі з'яжджала з нашага першага ўікэнда, як удзельнік, я зразумела, што жадаю быць аніматарам, для таго каб быць карыснай іншым людзям. Гэтыя рэкалекцыі былі для мяне важным момантам. Перажыла пачуццё яднання з мужам. Вяртаюся дадому з пачуццём лёгкасці і падзякі ўсім.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне