Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

Напоўненыя шчасцем і глыбокай радасцю.

З 17 па 24 ліпеня 2023 года ў польскім горадзе Чэнстахове ў доме сясцёр Святой Сям'і прайшоў турнус для сужэнстваў Баранавіцкага Цэнтра Сужэнскіх сустрэч. Нялёгкая была падрыхтоўка ў сувязі з неабходнасцю адкрыцця віз, але дзякуючы Маці Божай Чэнстахоўскай усё атрымалася. І лепш пра гэтую падзею раскажуць сведчанні ўдзельнікаў:

- Калі б папрасілі апісаць гэты тыдзень у Чэнстахове адным кароткім сказам, то я б напісала так: "Гэта было проста цудоўна!" Ну а калі казаць больш поўна, то такога цудоўнага адпачынку душы і целы я даўно не адчувала! Пачуццё спакою, прымірэння і радасці ад прысутнасці Духа Святога не пакідала мяне ўвесь час! Гасподзь кожны дзень дарыў нам як падарунак! Штодзённая служба, супольная малітва побач з Маці Божай Чэнстахоўскай, прыемныя прагулкі з блізкімі па духу людзьмі - усё гэта напоўніла мяне святлом, дабрынёй і сілай для далейшага служэння Богу і людзям! Я адчула велізарнае пачуццё падзякі Богу за знаёмства і дар зносін з гасціннымі сястрой Рытай і сястрой Цэрыліяй, якія далі свой утульны дом для нас на гэтыя дні. Нашы сняданкі, абеды і вячэры, прыгатаваныя сёстрамі, былі проста цудоўныя! Асобную падзяку хачу выказаць сястры Рыце за сведчанне веры. Яна нагадала, як важна адкрыць гэтыя «дзверы» Езусу і ўпусціць Яго, а таксама не губляць веру ў хвіліны поўнай цемры і маўчання! Таксама дзякую Пану за знаёмства з айцом Ануфрыем, ён сказаў вельмі важныя і патрэбныя для мяне словы ў такі цяжкі жыццёвы перыяд. Госпадзе, дзякуем Табе за ўсіх людзей, якія былі побач з намі ўвесь гэты тыдзень: за сястру Рыту і сястру Цэрылію, за айца Ануфрыя, за Святлану Квяткаўскую, якая арганізавала гэтае паломніцтва і за ўсіх, хто дапамагаў справай і малітвай, за ўсіх нашых аніматараў і ўдзельнікаў "Сужэнскіх сустрэч" і просім аб дары ласкі для іх і іх сем'яў! Святая Марыя, маліся за нас!

- Напоўнены шчасцем і глыбокай радасцю, станоўчымі эмоцыямі і выдатным настроем ад турнуса ў Чэнстахове! Нажаль не атрымалася пабыць увесь час, але гэты час запомніцца на доўга. Дзякуем за арганізацыю, вельмі ўсё спадабалася. Дзякуй Богу за магчымасць пабачыцца і за новыя знаёмствы. Дабраславёны час з блаславёнымі людзьмі.

- Турнус у Чэнстахове стаў для нас месцам не толькі адпачынку, але і спакою, натхнення, надзеі. Штодзённыя Святыя Месы, малітвы каля Чорнай Мадонны, шпацыры па гораду, сумесныя малітвы, спевы, разважанні і перажыванне тэмы "Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго адзінароднага..." спрыялі паглыбленню адносін і ў сем'ях, і ў супольнасці. Дзякуем Богу за саму магчымасць быць у гэтым цудоўным месцы, за ўтульны Дом сясцёр, за новыя знаёмствы, за перажыты сумесна час, за Яго любоў і добраславенствы!

- Знаходжанне ў Чэнстахове выклікала пачуццё захаплення не толькі ад гэтага святога месца, але і ад дома ў якім мы пражывалі. Сапраўды была магчымасць адцягнуцца ад бытавых клопатаў, што для мяне было важна. Духоўна зараджалі штодзённыя святыя Імшы. Яшчэ вельмі спадабалася ўведзеная сястрой Рытай вячэрняя падзяка Госпаду за пражыты дзень.Гэта новае, чаму я навучылася. Рада была знаёмству з усімі, хто быў побач і зараджалі спакоем і прымірэннем. Дзякуй за цудоўныя моманты, якія застануцца ў памяці!

- Цяжкі арганізацыйны пачатак турнуса і як узнагарода ад Госпада - цудоўны плён. Перажываю пачуццё задавальнення ад таго, што ўсё атрымалася нават лепей, чым чакала. Адчувала нябачную апеку Маці Божай, Яе дапамогу праз сястру Рыту, айца Ануфрыя і ўсёй групы, якая стала дружнай сям'ёй. Для мяне быў хвалюючай падзеяй удзел нашай суполкі ў Апелі на Яснай гары, а малітва на Ружанцы на нашай роднай беларускай мове выклікала слёзы радасці і надзеі. Дзякуй Госпаду за ўсё!

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне