Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

З 27 па 29 лістапада 2020г напрыканцы літургічнага года ў Баранавічах адбыліся рэкалекцыі "Сужэнскія сустрэчы". Каб новы год жыцця распачаць па-новаму з розных куткоў Беларусі(Мінск, Барысаў, Баранавічы, Светлагорск) прыехалі самыя адважныя і самыя здаровыя сямейныя пары і духоўныя асобы. Планавалі прыехаць яшчэ адна сям’я і святар, але яны захварэлі напярэдадні ўікэнда.

Канешне, ў арганізатараў было пачуццё неупэўненасці і хвалявання: ці атрымаецца падчас пандэміі сабраць людзей. Даверыўшы ўвесь гэты час Нябеснаму Айцу, распачалі рэкалекцыі, і як пазней высветлілася, усе хто прыехаў - ужо перабалелі ў лёгкай форме.

Праводзілі рэкалекцыі аніматары Марына і Аляксей Куратнік з Івацэвіч, Виталій і Юлія Дунько з Пінску, Аляксандр і Марыя з Бараўлян, кс. Андрэй Багдановіч з Брэста.

Усе аніматары ў сваіх сведчаннях распавядалі, як ДЫЯЛОГ стаў шляхам жыцця. Як з дапамогай дыялога змяняюцца адносіны адзін з адным, з Богам і з іншымі людзьмі.

Мы вярталіся дадому закаханымі , як пасля мядовага месяцу, нават не верыцца, што мы ўжо 8,5год разам. Адчуваю пачуццё еднасці, радасці і захаплення ад гэтага часу, які мы правялі разам на уікэнде. Таксама падчас рэкалекцый у нас атрымалася паразмаўляць на цяжкую для нас тэму без асуджэння і абвінавачвання, якую мы некалькі месяцаў адкладалі і замоўчвалі.

Асабліва для мяне, самым кранальным момантам рэкалекцый з’яўляецца дзяленне пачуццямі ад удзельнікаў:

"Мы ў шлюбе нядаўна і маем надзею, што праз дыялог ў нас атрымаецца пазбегнуць цяжкасцей ў сям’і".

" Пасля рэкалекцый з’явілася маленькая кропля надзеі, што яшчэ можна нешта змяніць".

"Негледзячы на цяжкі час, якія мы перажываем цяпер у нашай сям'і, у нас атрымалася засяродзіць увагу на нашых сужэнскіх адносінах, мы напоўніліся светам і ўбачылі новы сэнс".

" Некаторыя тэмы патрабуюць больш часу, таму ёсць над чым падумаць, маё заданне на Адвэнт"

                                                                                        Марыя Акулік

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне