Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

Сёлета, пасля пэўнага перапынку, удалося зноў арганізаваць адпачынак Сужэнскіх Сустрэч на тэрыторыі Беларусі, а менавіта ў рэкалекцыйным доме айцоў кармелітаў ў Мядзелі, які зусім нядаўна распачаў сваю працу. Удзельнічала 6 сем’яў (12 дарослых і 14 дзяцей). Колькасць месцаў абмежаваная, таму мы вымушаны былі адмовіць некаторым парам.

Адпачынак змясціў у сабе не толькі некалькі добрых сустрэч з дыялогам і дзяленнем на актуальныя тэмы, не толькі штодзённую святую Імшу, вячэрняе разважанне Евангелля, але і шыкоўны пляжны адпачынак (пашанцавала з надвор’ем), выдатную паездку ў суседнюю Пастаўшчыну, дні нараджэння з кавунамі і шашлыкамі, і проста выдатны настрой. Нават пашанцавала прысутнічаць (у розныя дні) на цэлебрацыі сакрамэнту шлюба, прыгадваючы ўласную шлюбную прысягу, і пры ўдзяленні сакрамэнту хросту.

Асабліва запомнілася перажыванне Крыжовага шляху Езуса Хрыста на Мядзельскай Кальварыі, калі разважанні, блізкія кожнай сям’і, падтрымліваліся прыродным хараством і прыгожым афармленнем стацый.

Момантам, які выклікаў пэўныя непрыемныя пачуцці, была адсутнасць святара, але гэта не моцна сапсавала агульную карціну. Удзельнікі турнуса асаблівы ўдзячныя айцу Генрыху Валэйку OCD за пастырскую апеку.

З выказванняў удзельнікаў:

“Сёлета ўсё склалася. Усё супер, адпачылі целам і душой”.

“Не хацеў ехаць, але сыны ўгаварылі. Гэтыя дні перавысілі ўсе спадзяванні. Я адпачыў душой. Вельмі спадабалася такая сямейная кампанія”.

“Больш навучыліся дыялогу, стала прасцей”.

“Я вельмі радуюся, што прыехала, задаволеная, што мужу спадабалася”.

“Спадабалася арганізаванасць без “абавязалаўкі””.

“Хацелася змяніць абстаноўку. Рэальнасць перавысіла чаканні”.

“Я ехаў проста на адпачынак. Беларускі азёрны край мяне вельмі ўразіў. З першага дня было адчуванне, што я за мяжой. Між іншым удалося пагаварыць са старэйшымі дочкамі, пачуць ад іх, што яны думаюць пра мяне. Я буду доўга ўспамінаць гэты сумесны час, праведзены з сям’ёй”.

“Уразіла хараство азёр. Я атрымала шмат неспадзяванак ад Бога. Дадому не хочацца”.

“Хочацца пабыць яшчэ пару дзён. Умовы супер, дзеці сказалі, што не хочуць выязджаць”.

“Не хапала святара. Цікава было сустрэцца са старымі сябрамі і пазнаёміцца з новымі”.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне