Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

7 лютага 2016 года ў Доме Святой Тройцы прайшоў традыцыйны карнавал "Сужэнскіх Сустрэч", прымеркаваны да дня Святога Валянціна.

Карнавал -  яркая, маляўнічая, хвалюючая падзея, як быццам акунаешся ў свет казак, чараўніцтва, трапляеш у дзяцінства…

Наш карнавал - падзея, якой з нецярпеннем чакаюць і дарослыя і дзеці. Усё рыхтуюцца па- свойму. Удзельнікі -  падбіраюць і шыюць гарнітуры, арганізатары - прадумваюць конкурсы, танцы, прызы. Усё разам -  упрыгожваем залу, рыхтуем салодкі пачастунак.

І вось пад гукі чароўнага паланэза, пары ўрачыста адкрываюць баль. А  побач з табой прынцы і прынцэсы, галантныя кавалеры, мушкецёры, піраты, і нават містар Ікс. Вакол скачуць зайчыкі, вавёрачкі, пархаюць матылькі. Усім весяла, усе ўсміхаюцца.

Атмасфера цяперашняга балю была  дзівосна цёплая, хатняя. Нават конкурсы і камандныя спаборніцтвы робяць нас бліжэй адзін да аднаго, так прыемна адчуваць клопат бліжняга і усведамляць, што мы ўсе адна вялікая сям'я.

Асабліва хвалюючай для мяне стала малітва падзякі Богу за час Каляд і благаслаўленне на надыходзячы Вялікі Пост у канцы нашага свята.

                        Таццяна Антонава

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне