Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

Турнус ва Ужаве (2 - 9 жніўня)  стаў для мяне яшчэ адным доказам таго, што ўсё, што робіцца з Богам, атрымліваецца выдатна. Прысутнасць Бога адчувалася ва ўсім, паколькі з намі былі выдатны святар, таленавітыя і ўсімі любімыя аніматары, цікавыя і пазітыўныя ўдзельнікі, цудоўнае надвор'е. Наша група складалася з сем'яў  з розных куткоў Беларусі:  Баранавіч, Віцебска, Івацэвіч, Слоніма, Мінска і Пастаў.

На турнусе я адкрыла для сябе, наколькі насычаным падзеямі і эмоцыямі можа быць адпачынак. Кожны дзень пачынаўся з узняцця сцяга Сужэнскіх Сустрэч і спеваў гімна, які кранае да глыбіні душы і кожны раз наводзіць на пэўныя разважанні (мяне ён заўсёды прымушае задумацца, да чаго мы павінны імкнуцца, развіваючы сужэнскія адносіны і фарміруючы атмасферу ў доме).

Ранішняя і вячэрняя малітвы на часаслове - нязвыклая практыка для мяне, але яны сталі важнымі духоўнымі практыкаваннямі.    

Праграмай-мінімум першай паловы дня стала наведванне парку атракцыёнаў, аквапарка, музея якараў, замка Лівонскага ордэна ў Вентспілсе, вандроўка на карабліку па р. Вента, экскурсія на піўны завод, наведванне фантастычнага горада Кулдыга.

Другая палова дня была больш спакойнай, але не менш запамінальнай, паколькі праходзіла на марскім узбярэжжы з традыцыйнымі атрыбутамі летняга адпачынку: сонца, мора і пясок.

Кожны дзень адбывалася Святая Імша з вельмі цікавымі і актуальнымі для мяне пропаведзямі айца Конрада.

І нарэшце, на працягу шасці дзён прайшлі яшчэ тры вельмі змястоўныя сустрэчы. Асабліва важнай для мяне была тэма "Супакой мой даю вам…". Мне здаецца яна вельмі актуальнай як у глабальным сэнсе, так і ў межах адной чалавечай душы, не кажучы ўжо пра сям'ю. Цікава было назіраць, як эвалюцыянуе згуртаванасць і раскаванасць удзельнікаў групы, якія пасля першай сустрэчы былі вельмі пасіўныя, з кожнай наступнай сустрэчай  выказваліся ўсё больш і больш ахвотна.

Турнус пакінуў вельмі цёплыя і прыемныя ўспаміны. Для мяне развітанне з Ужавай было сумным.

                                                  Алёна Барысевіч

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне