Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча



З 3 па 8 жніўня 2014г у мястэчку Ужава поруч Вентспілса ( Латвія) прайшоў турнус для сем'яў, удзельнікаў руху "Сужэнскія Сустрэчы". У турнусе ўдзельнічала 48 чалавек: 10 беларускіх сем'яў (з Баранавіч, Івацэвіч, Мінска) і 3 латышскія. Галоўнай парай, адказнай за арганізацыю турнуса, былі Аляксандр і Святлана Квяткоўскія (Баранавіцкі Цэнтр). Функцыі духоўнага кіраўніка выконваў айцец Конрад  (SVD).

Кожная раніца пачыналася з сумеснай малітвы на часаслове і ўзняцця сцяга "Сужэнскіх Сустрэч" пад гімн Баранавіцкага Цэнтра. Таксама дзень і сканчаўся. Штодня была магчымасць удзелу ў Святой Імшы. Турнус доўжыўся  6 дзён, былі праведзены 2 тэматычныя сустрэчы: "Перш слухаць, чым казаць, ці пра прынцыпы дыялогу" і "Пачуцці, запатрабаванні, каштоўнасці". У панядзелак адбылася традыцыйная вячэрняя малітва за рух "Сужэнскія Сустрэчы" і за ўсе сем'і, якім неабходна малітоўная падтрымка. Увогуле, было шмат усяго: песні пад гітару ў вогнішча, гутаркі за агульным сталом, сумесныя экскурсіі, гульні, танцы і вядома ж мора, сонца, цудоўны настрой і шмат прыемных пачуццяў…

Выказванні ўдзельнікаў турнуса:

- Пасля  турнуса ва Ужаву  засталіся вельмі цёплыя  прыемныя ўспаміны.  Хоць  выязджалі з хворымі  дзецьмі і вельмі  хваляваліся па  гэтай  нагодзе.

- Яшчэ  раз з мужам зацвердзіліся ў тым, што штодзённыя малітвы, імшы, зносіны - гэта  ўсё вельмі аб'ядноўвае і ўмацоўвае, не толькі нашу  сям'ю, але і абшчыну ў  цэлым.  І па  сканчэнні  часу некаторыя побытавыя  "цяжкасці" зараз успамінаюцца з усмешкай, і ўнутры радасць ад таго, што мы ўсё  гэта  перажылі  з  Божай  дапамогай. ВЯЛІКАЕ   ЎСІМ  ДЗЯКУЙ !

- На мой погляд, Вентспілс вельмі ўтульны, чысты, зялёны горад і ідэальна падыходзіць  для сямейнага адпачынку, для адпачынку з дзецьмі. Нашы дзеці былі ў захапленні ад дзіцячых пляцовак з разнастайнымі горкамі, арэлямі, лазанкамі, трэнажорамі, а побач з морам ёсць адкрыты аквапарк. Нам вельмі спадабалася!

- Мы першы раз удзельнічалі ў турнусе, да гэтага нават не ведалі, што гэта такое. Зараз разумеем - гэта адпачынак з сэнсам. Вельмі добрая праграма, атрымалі ўсё неабходнае і для душы і для цела. Цёплая, добразычлівая атмасфера, адчуванне прыналежнасці да адной дружнай сям'і нараджала шмат прыемных пачуццяў. Увогуле, усё было выдатна!

- Гэты турнус дапамог нашай сям'і забыцца пра побытавыя праблемы і нарэшце звярнуць увагу адзін на аднаго. Сталая малітва спрыяла сапраўднаму духоўнаму самаўдасканаленню. Мора, а таксама спакойная і дабразычлівая абстаноўка давалі выдатную магчымасць знаёмства і зносін з іншымі сем'ямі. Мы засталіся вельмі задаволены гэтым адпачынкам і дзякуем арганізатарам за іх працу.
 

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне