Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

 

 З 28 па 30 сакавіка 2014 г. у Баранавічах  прайшлі чарговыя рэкалекцыі руху  «Сужэнскія Сустрэчы». На Ўікэнд прыехалі 11 сужэнстваў з розных куткоў Беларусі: з Мінска, Гродна, Пастаў, Івянца, Слоніма, Наваельні, Баранавіч.Таксама прымаў удзел у рэкалекцыях святар а. Анатоль Ярошка, капуцын са Слоніма. Праводзілі Ўікэнд  айцец Конрад  SVD і аніматары Аляксандр і Святлана Квяткоўскія з Баранавіч, Юрый Дзеніс  і Наталля Трасцянка з Івянца, Аляксей і Марына Куратнік з Івацэвіч.

У сваіх анімацыях вядучыя пары адкрыта падзяліліся рознымі сямейнымі праблемамі, перажытымі ў сваіх сужэнствах: неразуменне пачуццяў, сямейныя канфлікты, крызісы ў адносінах з дзецьмі. Але таксама гучала шмат слоў, выказваючых любоў, шчасце і радасць, якія з’яўляюцца пасілкам для сужэнскага кахання . Вельмі добразычлівыя адносіны ў групе, яднанне і паразуменне спрыялі глыбокаму пражыванню сужонкамі падрыхтаваных сустрэч. Дыялог сямейных пар быў вельмі адкрытым, напоўненым даверам да Бога.Усе каталіцкія ўдзельнікі скарысталіся споведдзю. Рэкалекцыі прынеслі багаты плён і пра гэта сведчаць самі сужонкі:

.Адчуваю прыўзнятасць, натхненне. На душы свята, такое пачуццё, што мы нанова бралі шлюб.

Не чакаў шматлікага, калі ехаў сюды, але адбыўся пералом у ва мне, у маім стаўленні да жонкі, да нашага жыцця. Я проста напоўнены шчасцем!

Бог вёў нас сюды, я радая, што патрапілі на рэкалекцыі, бо ўжо заблыталіся ў нашых адносінах. А зараз усё ясна і зразумела, як будаваць свае адносіны далей.

Шмат пазнаў пра Бога і пра тое, што трэба больш клапаціцца пра духоўную прыгажосць.

Рэкалекцыі для мяне былі цяжкімі, патрапілі сюды ў патрэбны момант. Замяшанне змянілася надзеяй. Я зразумела, калі адкрыцца на мужа і на Бога, то гэта аб'ядноўвае і ўмацоўвае.

Атрымалася абмеркаваць праблемы без злосці і гневу. Бог дапамагаў слухаць і чуць мужа.

 Рэкалекцыі  пражылі так, як мару пражыць усё наша сужэнскае жыццё. Мары малодзяць людзей!

Ніколі раней не быў так блізка да Бога. Убачыў шмат адкрытых сэрцаў. Тры дні праляцелі як імгненне. "Зерні даюць плён".

Праз сведчанні аніматараў атрымала адказы Бога.

Набылі  ключы да  рашэння складаных пытанняў. Атмасфера спрыяла дыялогу, шмат пазнаў пра пачуцці і перажыванні жонкі.

Сведчанні даюць сілу! Штодзённыя сітуацыі для аніматараў, а для нас - адказы на пытанні.

Шквал пачуццяў, мора эмоцый і, самае галоўнае, нейкі дзівосны  душэўны супакой, з якім мы з'яжджаем адсюль. Вы дапамаглі нам стаць шчаслівей.



 

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне