Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

 9 лютага ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску адбылася Імша, прысвечаная 10-годдзю дзейнасці руху “Сужэнскія сустрэчы” ў Беларусі. Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, стала завяршэннем міжнародных рэкалекцый для аніматараў, якія праходзілі ў сувязі са святкаваннем 10-годдзя дзейнасці руху.

У Імшы ўдзельнічалi сужэнствы з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, каталіцкае духавенства і праваслаўныя святары, у тым ліку з Санкт-Пецярбурга. Прысутнічалі таксама міжнародныя лідары Ежы і Ірэна Гжыбоўскія з Польшчы, якія 10 гадоў таму спрыялі пачаткам дзейнасці руху “Сужэнскія сустрэчы” ў Беларусі.
На пачатку Імшы ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч прывітаў прадстаўніка Святога Айца і ўсіх прысутных, папрасіў Апостальскага Нунцыя ўзначаліць літургію ў інтэнцыі Божага дыялогу ў сем’ях, а таксама прачытаў ліст Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да ўдзельнікаў руху “Сужэнскія сустрэчы” з нагоды іх юбілею. Літургічныя чытанні падчас Імшы агучвалі самі сужэнцы.
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да прысутных з гаміліяй, адзначыў: “На маю думку, у цэнтры ўсяго стаіць любоў Бога – пункт аднясення да ўсялякай іншай любові. Бо без гэтай Божай любові ўсё астатняе губляе сваю мэту”. “Мы называем Бога Айцом, але як бы мы маглі разумець, што гэта азначае, калі б у нашай сям’і не было бацькі? – задаў пытанне Апостальскі Нунцый. – Мы называем Марыю нашай Маці і Апякункай, але як можам разумець гэта, калі ў сям’і няма мамы?”
“Я б хацеў, каб, гаворачы пра любоў Бога, вы думалі, як адчуваюць любоў вашы дзеці, - дадаў іерарх. – Любоў да Бога, які бясконцы, абавязкова праходзіць праз тую любоў, якой мы вучымся ў сям’і”. Тым не менш, па словах арцыбіскупа, “мы часта адносімся да дзяцей так, нібы гэта наш асабісты падарунак, які можна купіць у краме”.
“Мы не бачым Бога, таму Ягоную любоў можам зведаць толькі праз пасрэдніцтва іншага чалавека, - адзначыў прадстаўнік Папы. – Таму я дзякую вам за ваша падарожжа ў гэтым руху, якое з’яўляецца школай любові, якой вы стараецеся жыць кожны дзень”.
Па словах арцыбіскупа, “калі мы толькі заклікаем да любові – мы падобны да статуі”, але “Бог – не статуя, гэта Цела, і падчас Эўхарыстыі мы спажываем Цела і Кроў Бога”, а “калі мы гэта разумеем і ў гэта верым – то разумеем, што школа сямейнага жыцця праходзіць не праз пустаслоўе, а праз канкрэтныя ўчынкі любові”. “Калі б у Касцёле не было вас, якія з’яўляецеся жывой таямніцай любові, - як бы мы маглі разумець, што Бог нас любіць?” – сказаў Апостальскі Нунцый прысутным сужэнцам.
Гаворачы пра дыялог, які знаходзіцца ў цэнтры методыкі руху “Сужэнскія сустрэчы”, арцыбіскуп адзначыў: “Кожны з нас гаворыць пра дыялог, і кожны адчувае сябе сапраўдным настаўнікам дыялогу”. Іерарх нагадаў, што, каб быў магчымы дыялог, патрэбны дзве асобы, якія ў ім удзельнічаюць, а “калі няма асобы, якая ведае штосьці пра сябе, ацэньвае свой унутраны свет, - няма месца для дыялогу”. “Бо што я магу перадаць іншаму, калі не ведаю, што адчуваю сам? – дадаў Апостальскі Нунцый. – У такім выпадку я толькі магу пераказаць яму тое, што чытаў у кнігах або чуў”.
Прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў важнасць умення разумець і выяўляць пачуцці, што неабходна ў сям’і. “Мы вельмі часта гаворым пра пачуцці, не ведаючы, што гэта. У вашай краіне пра пачуцці нават не гаворыцца. Мы, італьянцы, гаворым пра іх вельмі шмат і часта ў гэтым мала зместу, але вы не гаворыце ўвогуле”, - звярнуў увагу арцыбіскуп, дадаўшы, што часта трагедыя сямейных пар у тым, што яны разыходзяцца, не будучы здольнымі сказаць дакладна, чаму. “Важна, як ты, які жывеш з іншым чалавекам, адчуваеш сябе ў той ці іншай сітуацыі, як адчувае сябе твая душа, што баліць у цябе”, - падкрэсліў іерарх.
Па словах Апостальскага Нунцыя, “важна вызваліць чалавека, каб ён пачаў свабодна дыхаць, каб яго жыццё было радасцю, а не нейкім недарэчным прабываннем з іншай асобай”. “Чаму так здараецца, што часам патрэбны дзве бутэлькі гарэлкі, каб чалавек нарэшце сказаў, што добра сябе адчувае?” – паставіў арцыбіскуп пытанне для разважання прысутным.
Іерарх нагадаў таксама пра важнасць у сямейным жыцці таго, каб глядзець адно аднаму ў вочы. “Калі мы глядзім адно аднаму ў вочы, што таксама здараецца рэдка, - то ў гэты момант заўважаем, што нашы вочы гавораць, бо мы не можам іх адключыць ці кантраляваць іх, - сказаў арцыбіскуп. – І тады пачынаецца доўгі крыжовы шлях гэтых двух людзей, якія глядзяць у вочы адно аднаму, - шлях, які вядзе да ўваскрасення”. Усё гэта, як дадаў прадстаўнік Папы, з’яўляецца абавязковай умовай, каб сям’я была сям’ёй.
Арцыбіскуп адзначыў, што сям’я – “месца, дзе людзі адкрываюць, што яны ўнікальныя і што іх любяць”. “Давайце пазбавімся адчування, што гэта можа прывесці да граху пыхі! – дадаў іерарх. – Пра якую пыху можна гаварыць, калі нярэдка хтосьці, прачынаючыся, адчувае сябе памылкай прыроды?” Па словах Апостальскага Нунцыя, “можа, праз тысячу гадоў у гэтай нацыі і будзе небяспека ўпасці ў пыху, але сёння такой небяспекі няма”.
Сям’я, як падкрэсліў арцыбіскуп, “не можа быць пустым табэрнакулюмам” – “бо ў іншым выпадку куды мы пойдзем, каб навучыцца любові?” Любоў, па словах іерарха, - гэта “канкрэтныя людзі, якія гавораць, сустракаюцца адно з адным”; “гэта таксама не вызваленне, як меркавалі доўгія гады, дзе хапіла б толькі сексуальных адносінаў, каб адчуваць сябе шчаслівымі”.
“Дапамажыце нам зразумець, што такое любоў, каб мы менш пра гэта гаварылі, а больш гэтым жылі, - папрасіў Апостальскі Нунцый сужэнцаў. – Бо гэта таямніца, якая была вам даверана, каб вы, як сям’я, навучылі нас, што такое любоў, вашым сведчаннем”.
Ад імя Касцёла арцыбіскуп падзякаваў удзельнікам руху “Сужэнскія сустрэчы”. “Дзякуй вам за тое, што вы робіце грамадства лепшым, вучыце глядзець адно аднаму ў вочы. Дзякуй вам, што дзеці, якія таксама прысутнічаюць тут сёння, заўтра будуць мець адвагу падняць галаву і сказаць: “Я прагну дабра. Я прагну рабіць дабро, але і ведаць, што такое дабро. Дабро – гэта тое, што было ў адносінах маіх таты і мамы, і тое, як яны адносіліся да мяне””. “”З бясконцых крыжоў нашай штодзённасці мы павінны пачуць: “Я цябе прабачаю, каб вярнуцца да любові. І таксама прашу, каб ты мяне прабачыў”, - такую параду пакінуў Апостальскі Нунцый сужэнцам. - Ад вашых сем’яў залежыць, будзе заўтра гэты свет лепшым ці горшым”.
                                                         З матэрыялаў Catholic.by 
 
Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне