Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

 

З 8 па 10 сакавіка 2013 г. у Баранавічах у доме Святой Тройцы прайшлі чарговыя рэкалекцыі руху  «Сужэнскія Сустрэчы».

На Ўікэнд прыехалі 7 сужэнстваў з розных куткоў Беларусі: з Мінска, Пінска, Івянца, Іўя, Баранавіч. Праводзілі Ўікэнд айцец Конрад Патыка SVD і аніматары Аляксандр і Святлана Квяткоўскія з Баранавіч, Валерый і Наталля Мазуркевічы са Сталовіч, Міхаіл і Таццяна Сегені з Івацэвіч.

. Аніматарамі былі падрыхтаваныя сустрэчы, дзе закраналіся найбольш складаныя праблемы сям’і – неразуменне пачуццяў, сямейныя крызісы, адносіны з дзецьмі, сувязь з Богам і інш. Няпроста ў штодзённым жыцці заўважаць свае слабасці і недахопы любові да мужа/жонкі, прызнаць свае памылкі, папрасіць прабачэння. Дыялог у сямейнай пары закранаў найбольш вострыя пытанні, сужэнцы не баяліся прызнацца ў сваіх слабасцях адно аднаму, стаць перад Езусам у праўдзе пра сябе, даверыць Пану Богу свае слабасці і папрасіць прабачэння.
 Гэтыя рэкалекцыі насілі і экуменічны напрамак:сярод удзельнікаў была праваслаўная пара і сужэнства, у якім адзін з сужэнцаў католік, другі праваслаўны. Стаж у сужэнстве большасці ўдзельнікаў быў даволі сталы – па-за сярэбраным юбілеем, але удзельнічалі і маладыя пары(да года сумеснага жыцця).
Радасць перапоўніла ўдзельнікаў, многія адчувалі такую еднасць у супольнасці , як у сям’і, шкадавалі, што гэтая сустрэча заканчваецца. Рэкалекцыі прынеслі багаты плён і пра гэта сведчаць самі сужонкі:
 
“Мы ўсе жыццё спрабавалі наладзіць дыялог, але не атрымлівалася. Цяпер мы ўпэўнены, што з Бож’яй і вашай дапамогай ў нас усё атрымаецца і шчасце і любоў зноў паселяцца ў нашым доме. Будзем апавядаць пра вас знаёмым, каб і ім падараваць магчымасць змяніць сваё жыццё.”
 
“Мы нанава перагарталі сваё 30-гадовае сужэнскае жыццё і зразумелі, што прыйшоў час рабіць працу над памылкамі. Просім нашага Нябеснага Настаўніка дапамагчы нам у гэтым. Хочацца быць прыкладам добрай сям’і для сваіх дзяцей і ўнукаў. Дзякуючы “Сужэнскім Сустрэчам” мы зірнулі адзін на аднаго па-новаму.”
 
“Ехать не хацеў, а цяпер задаволены, што жонцы ўдалася мяне пераканаць усёж такі паехаць. Бачу плён гэтых сустрэч. Яны дадаюць сям’і трываласці. Дамоў вяртаюся з пачуццём супакою, лёгкасці, узмоцненасці і здабытку чагосці вельмі важнага і каштоўнага.”
 
“Святло ў канцы тунэля… Нацешыліся магчымасцю пабыць удваіх. Так атрымалася, што ў нас не было нічога “мядовага”, а тут мы гэта перажылі. І яшчэ я адкрыла, што ў праваслаўных і католікаў шмат агульнага і мы – адно цэлае.”
 
Яшчэ шмат сем’яў жывуць без дыялогу і ўзаемапаразумення, перажываюць цяжкасці і канфлікты, многія сужэнствы не вытрымліваюць гэтага і распадаюцца. Але надзея ёсць, у Касцёла шмат магчымасцяў, каб дапамагчы такім сем’ям. І адным з варыянтаў ёсць удзел у рэкалекцыях “Сужэнскіх сустрэч”, дзе дыялог і любоў паміж мужам і жонкай раўняюць жыццёвую дарогу сужэнства, па якой крочыць разам ў еднасці з Богам значна лягчэй, чым прадзірацца праз церні канфліктаў і сварак.

                                       Святлана і Аляксандр Квяткоўскія  

 

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне