Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

З 25 па 27 лістапада 2022 года ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах прайшоў асноўны WE руху «Сужэнскія Сустрэчы». На рэкалекцыі запісалася 7 пар, прыехала 5 сужэнстваў з розных дыяцэзій: Гродна (Гродзенская дыяцэзія), Івацэвічы, Баранавічы (Пінская дыяцэзія) і пары з Маладзечна і Барысава (Мінска-Магілёўская дыяцэзія). У рэкалекцыях таксама ўдзельнічалі святары: ксёндз Валерый Марціноўскі з Віцебска (Віцебская дыяцэзія) і айцец Данііл Сцяпанаў SVD з Масквы (Расія). Праводзілі ўікэнд аніматары: Аляксей і Марына Куратнік з Івацэвіч (галоўная пара), Вячаслаў і Наталля Цівунчык і Уладзімір і Юлія Шылко з Баранавіч, а таксама духоўныя асобы: канцлер Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка, брат Алег Вайцяховіч O.F.MCap і сястра Паўла Бобер MSF.

Аб плёне рэкалекцый можна меркаваць па выказваннях удзельнікаў:

- Вельмі шмат чаго для сябе зразумела. Колькасць пачуццяў, якiя я тут адчула не апісаць. Зразумела, што не так успрымала некаторыя ўчынкі мужа. Па характары муж спакойны, не эмацыйны, усё трымае ў сабе, а я, наадварот, больш эмацыйная. Заўсёды думала, што муж мяне не чуе, але зараз разумею, што я часта яго параніла сваімі словамі ці ўчынкамі. Ува мне таксама вельмі вялікае "бервяно". Вяртаюся дадому з неацэнным досведам і з веданнем правілаў дыялогу, а таксама з велізарным жаданнем мяняцца далей.

- Адчуў вялікі зарад энергіі, бадзёрасці, адпачыў ад мітусні. Зразумеў, што жонка адчувае вялікую колькасць пачуццяў, як і я. Атрымаў вялізны багаж ведаў. Зразумеў, што над многім трэба падумаць, як выкарыстоўваць гэта ўсё ў далейшым жыцці. Вяртаюся з жаданнем развівацца духоўна і ў зносінах з жонкай, бо часта яе не чую.

- Я на гэтых рэкалекцыях адчула ўнутраны спакой. Мне заўсёды складана ў новай для мяне абстаноўцы, але тут неяк было проста. Першы год у шлюбе мне было вельмі складана. Я думала, што развядуся. Так як я прывыкла ўсё рабіць самастойна, то ў шлюбе мне было складана даверыцца сужонку. Тут, я зразумела, што ўсё раблю правільна, бо мы вельмі шмат размаўляем. З'яжджаю з жаданнем запрасіць на рэкалекцыі сястру з мужам.

- Тут на рэкалекцыях я адчуў спакой і ўпэўненасць ў сабе. Вельмі прыемныя зносіны з усімі. Атрымаў вельмі шмат пазітыўных эмоцый і энергіі. Што да жонкі, я хутчэй не даведаўся, а замацаваў інфармацыю пра яе. Зразумеў, канешне, што дома трэба будзе яшчэ шмат чаго дапрацаваць у нашых адносінах. Калі сапраўды, я бы яшчэ раз прыехаў, праз паўгода.

- Эмоцыі перапаўняюць і ад зносін, і ад усіх рэкалекцый, таму што я чакала зусім іншага. Я не чакала, што пасьля гэтых рэкалекцый вырашыцца вельмі шмат праблем. Усвядоміла, што мы ўсе сутыкаемся з падобнымі праблемамі. Усё маё жыццё ў бегах, а тут змагла спыніцца - гэта была мая мара. Адчула цішыню і спакой. Вельмі доўга малілася і прасіла Бога, вырашыць мае праблемы, але я не думала, што тут яны так хутка вырашацца.

- Для мяне гэта наогул навіна. Я заўсёды быў далёка ад касцёла і зараз, калі я зраблю нават паўкроку, то для мяне гэта будзе вялікі поспех. Сюды ехаў проста памяняць абстаноўку, не шкадую ні кропелькі. Шмат даведаўся, што мы наогул з жонкай, можна сказаць, не размаўлялі. Размаўлялі толькі праз прэтэнзіі адзiн да аднаго. Працы шмат, але хачу сказаць, што буду імкнуцца са свайго боку працаваць над нашымі адносінамі.

- Прыехаў сюды з бунтам, але зараз супакоіўся. Маё галоўнае пытанне да Бога: "Навошта мне гэта ўсё?". Я сапраўды ведаю сваю мэту і абвык працаваць у сваім рэчышчы. Я хачу працаваць з моладдзю і таму сказаў, што еду толькі паназіраць. Часта задаваў пытанне Богу: "Чаму Ён не пасылае мне гэтую моладзь?"- а да мяне ідуць сем'і. І тут я зразумеў, што воля Бога, для мяне відавочная. Ён жадае, каб я працаваў з сем'ямі. Гэты бунт ува мне крыху супакоіўся, не ведаю, як будзе далей. Для мяне гэта пэўны выклік на сённяшні дзень, для таго, каб працягваць ісці ў гэтым напрамку і пагадзіцца, і даверыцца волі Бога. Бо ў мяне такое адчуванне, што Бог хутка загаворыць са мной праз "асліцу" як у старым запавеце і скажа: «Супакойся». Гэта мой шлях, дзе я бачу дзеяньне Бога. Удзячны вам за тое, што ўбачыў ад вас сведчанні мацярынства і бацькоўства - гэта для мяне вельмі каштоўна. Гэта не прачытаеш ні ў адной кнізе, бо гэта вашыя жывыя, жыццёвыя прыклады.

- Хочаш даведацца аб сабе праўду, скажы жонцы адзін яе недахоп. Я вядома жартую, але гэтыя рэкалекцыі даюць магчымасць зразумець, што мы ўсё не ідэальныя. Дыялог паміж мужам і жонкай вельмі важны. Ён быў паміж намі, не аб працы, не аб дзецях, як гэта адбываецца звычайна, а толькі аб нас. Эмоцыі зашкальваюць. Вяртаюся з разуменнем, што чым здаравейшыя адносіны паміж мужам і жонкай, тым здаравейшыя адносіны ў грамадстве. Адчуваю яшчэ большую любоў да жонкі і як ніколі разумею неабходнасць слухання. Зразумеў таксама, што перш чым асуджаць чалавека, трэба даведацца пра яго пачуцці, паспрабаваць устаць на яго месца і зразумець яго.

- Дыялог мне вельмі блізкі. У гэтыя дні добра пасядзела з Богам і з сабой. Ня трэба адцягвацца на іншыя справы і гэта вельмі добра. Сужонкам, вядома, неабходна пераадолець горы, каб тут апынуцца. У мяне ўсё прасцей, але гэтыя хвіліны для мяне таксама каштоўныя. Люблю слухаць сябе і Бога. Мяне перапаўняе радасць гледзячы на вас, бо вы шукаеце, вы не стаіце на месцы. Заблытаныя дарогі заўсёды можна выпрастаць. Вяртаюся з пачуццём прыгажосці і павагі, таму што гледзячы на вас зразумела, як прыгожы чалавек, калі шукае чагосьці сапраўднага.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне