Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

У надзелю 15 верасня ў Ляскоўцы прайшла выязная сустрэча сем’яў руху “Сужэнскія Сустрэчы”. 22 сям’і, а. Сяргей Трысцень OCD, бр. Максім Варанюк і а.Яўген Усошын разам перажылі Святую Імшу, сустрэчу-дыялог і сумесны адпачынак з дамашнімі прысмакамі і вясёлымі гульнямі.

На ўсіх мерапрыемствах руху “Сужэнскія Сустрэчы” вялікая ўвага адводзіцца сужэнскаму дыялогу і клопату пра адносіны паміж мужам і жонкай. Так і ў мінулую нядзелю мы разважалі над Гімнам любові ў нашым сужэнскім жыцці (1 Кар 13, 4-7). Дзяліліся сведчаннямі, якія словы з гэтага гімна мы перажывалі асабліва моцна ў сваіх сем’ях. Як у розныя перыяды сумеснага жыцця яны гучаць вельмі па-рознаму і як сапраўды цяжка ўдасканальвацца ў апісаных рысах любові. Для адных больш прамаўляла любоў доўгацярпялівая, якая не памятае зла, да іншых - якая ўсё зносіць і не шукае свайго і г.д.

Імкненне да такой дасканалай любові вымагае ад сужонкаў вялікай працы над сабой і сваімі адносінамі. Але гэтая праца дае вялікія плады – мы не трацім блізкасць, узаемапаразуменне, пачуццё адно аднаго, жаданне узрастаць у сваёй любові, а сапраўды толькі памнажаем гэтыя цноты ў сваіх сем’ях з гадамі. І ў гэтым нам вельмі дапамагаюць розныя сустрэчы і мерапрыемствы “Сужэнскіх Сустрэч”, дзе мы знаходзім час адно для аднаго, слухаем, спрабуем зразумець свайго сужонка, дзелімся сабой і вучымся прабачаць.

Былі сем’і, якія падзяліліся тым, як на розных этапах любоў ставіць перад імі задачу быць больш ласкавымі, у іншых абставінах – усяму верыць і на усё спадзявацца. Не ўсё удаецца, часамі зусім падаем, але дыялог і праца над адносінамі даюць нам магчымасць імкнуцца да больш дасканалай любові. А брат Максім падзяліўся думкай, што для яго ўсе рысы любові, апісанныя ў гімне, - гэта адно цэлае, неразрыўнае… і калі ён мае адну рысу, то мае і ўсе астатнія.

Падзяліліся таксама пачуццямі надзеі, што імкненне у нашых сем’ях да больш дасканалай любові (якую апісвае апостал Павел) дае нам магчымасць разам набліжацца да Бога і ўзрастаць у сваіх адносінах нават перажыаючы цяжкасці, крызісы і шматлікія сужонскія непаразуменні.

Вельмі прыемна было разам трываць на малітве і бавіць час сем’ямі разам з дзецьмі. Шашлыкі, каўбаскі, стравы ад удзельнікаў, усмешкі і гульні надалі гэтаму нядзельнаму дню асобы смак радасці і смейнага шчасця. Асабіста дзякуем брату Андрэю Жылевічу і “Карытасу” за выдатныя ўмовы для выязной сустрэчы “Сужэнскіх Сустрэч”.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне