Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

29 красавіка ў Санктуарыі Маці Божай Фацімскай адбылася сустрэча аніматараў Баранавіцкага Цэнтра на

тэму: "Пагаворым пра нас", дзе былі прапанаваны для разважання наступныя пытанні:

Чым для мяне з'яўляюцца Сужэнскія сустрэчы? Чаму я стаў аніматарам? У чым бачу плюсы і мінусы працы нашага Цэнтра? Як я бачу сваё (наша) месца ў дзейнасці абшчыны Баранавіцкага Цэнтра? У якіх формах працы я хацеў (ла) бы ўдзельнічаць. Хачу я далей быць аніматарам Сужэнскіх сустрэч?

У сустрэчы ўдзельнічалі аніматары: а. Конрад Патыка, Аляксандр і Святлана Квяткоўскія, Валерый і Наталля Мазуркевіч, Дзмітрый і Вiкторыя Кіслыя, Уладзімір і Юлія Шылко і Таццяна Антонава.

У дзяленнях аніматары адзначылі:

- Сужэнскія сустрэчы для мяне - гэта суполка аднадумцаў. Абшчына, дзе падмуркам з'яўляецца вера ў Бога, дзе я адчуваю сябе камфортна і бяспечна. І ў той жа час - гэта праца, якую робім на хвалу Госпада і на карысць іншага чалавека.

- Сужэнскія сустрэчы з'яўляюцца часткай майго жыцця. Для мяне ўдзел у руху гэта магчымасць несці людзям добрую вестку і дарыць любоў, увагу і час (якога зараз усім не хапае).

- Мы сталі аніматарамі зусім нічога не чакаючы, але атрымалі вельмі шмат! Бачым, што гэта трэба не толькі нам, але і іншым людзям! Гэта дапамагае нам пераадольваць жыццёвыя цяжкасці і крызісы ў сямейным жыцці, але таксама дае сведчанне іншым людзям.

- Сужэнскія сустрэчы даюць мне магчымасць духоўна развівацца, ўзрастаць ў веры. Гэта таксама наша сумеснае з жонкай служэнне. Мы, як аніматары-сужонкі, можам мець агульную справу, рухацца да агульнай мэты ... тут нашы інтарэсы і імкненні максімальна перасякаюцца.

- Я зрабіла для сябе адкрыццё, што мы, аніматары, разам не таму, што мы адзін аднаго выбралі, але таму, што мы абраныя Госпадам. Абраныя і пакліканыя ў суполку Сужэнскіх сустрэч. І я вызначаю гэтую суполку як сваё месца служэння ў Касцёле. Скажу шчыра, не самае простае і лёгкае служэнне (прынамсі для мяне), якое патрабуе вялікіх выдаткаў душэўных, фізічных сіл, а таксама часу.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне