Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

8-10.12.2017 года ў Доме Святой Тройцы ў г. Баранавічы прайшлі рэкалекцыі для сужэнстваў, якія праводзілі аніматары "Сужэнскіх сустрэч": Аляксей і Марына Куратнік , Валерый і Наталля Мазуркевічы , Уладзімір і Юлія Шылко і а. Конрад Патыка SVD.

На рэкалекцыі прыехала 11 пар ўдзельнікаў з розным стажам шлюбу ад 3 месяцаў да 17 гадоў. З іх 5 пару прыехала з Менска,3 пары з Баранавіч, пара з Ліды, 1 пара з г.п. Чарнаўчыцы і яшчэ пара з Драгічына.

У першую чаргу хацелася б падзяліцца пачуццём задавальнення ад мінулых рэкалекцый. Пачуццё лёгкасці і цяпла мы адчуваліна працягу ўсяго ўікэнда, але вядома і хваляванне нас не пакідала, бо жадалася, каб усім было максімальна камфортна. Таму ўсе аніматары былі ўважлівыя ў адносінах да ўдзельнікаў. У першы дзень мы былі здзіўлены тым, што ўдзельнікі выяўлялі мінімум эмоцый і сталі адчыняцца толькі на суботнім вечары, а ў нядзелю ўдзельнікі ўжо з лёгкасцю падзяляліся пачуццямі пра тое, як перажылі рэкалекцыі, нават аніматары не маглі стрымаць слёз. Нядзельнае дзяленне даказала, што кожная сужэнская пара перажывае рэкалекцыі па-свойму, але галоўнае, што нас аб'ядноўвае гэта прысутнасць Святога Духу. Спачатку мяне ахапіла пачуццё страху ад колькасці прыехаўшых пар, бо я разумела якая адказнасць, ляжыць на нас - аніматарах. А ў канцы мы проста цешыліся, бачачы, як сужонкі адкрывалі свае сэрцы адзін на аднаго, а галоўнае для Бога. На гэтых рэкалекцыях я ўсвядоміла, што мы, аніматары, ніколі не зможам адгадаць якое збожжа, кінутае намі, трапіць на добрую глебу. Аніматары зрабілі ўсё, каб нічога не замінала плённаму перажыванню рэкалекцый. Мы маліліся і Бог пачуў нашы малітвы. У чарговы раз наша праца прынесла рэальныя плады.

Удзельнікі:

-У першы дзень я вельмі цешыўся, у другой перажываў і хваляваўся, а на трэці дзень ужо адчуў стомленасць. Высновы для сябе зрабіў: жыць!!!

-Гэта была магчымасць паглядзець адзін аднаму ў вочы. Бог нас благаслаўляе і мы ўмеем размаўляць.

- Рэкалекцыі для мяне былі цяжкімі. Вынес з іх шмат дадатнага і паспрабую змяніцца да лепшага. Вельмі рады, што адарваўся ад працы і прыехаў сюды.

- Рэкалекцыі дапамаглі вярнуць нам адзін аднаго. Гэта была мая ідэя прыехаць сюды, і я вельмі перажывала, каб муж не сышоў. За 13 гадоў жыцця ён гэтулькі не дзяліўся са мной, як за гэтыя рэкалекцыі. Чаканні ад уікэнда апраўдаліся. Я пачула прызнанне ў каханні, якое доўга чакала.

-Гэта была магчымасць зірнуць на сябе з боку. Сведчанні аніматараў вельмі ўразілі.

-Гэта была магчымасць яшчэ лепш пазнаць адзін аднаго і пабыць сам-насам адзін з адным і з Богам. Яго прысутнасць адчувалася на працягу ўсяго ўікэнда. Я для сябе зрабіла выснову - часцей слухаць свайго мужа.

- Імкнуся бачыць па жыцці толькі плюсы і з-за гэтага часта не заўважаю праблем у нашым шлюбным жыцці. Зразумеў, што неабходна часцей весці дыялог з жонкай.

- Рэкалекцыі падарылі мне надзею, што гэта яшчэ не канец нашаму шлюбу, яго яшчэ можна выратаваць. Зразумела, што ўсё яшчэ можа быць добра.

-Гэты час адзін для аднаго нам быў жыццёва неабходны. Мы сталі бліжэй адзін да аднаго. Трэба часцей зважаць менавіта на пачуцці і заўсёды дзяліцца імі.

-Жонка мне сёння сказала: "А ты - рамантык", а наогул праблем у нас у сям'і хапае і іх трэба вырашаць, а гэтыя рэкалекцыі падштурхоўваюць на працу над адносінамі, у Касцёле і грамадстве. Сведчанні вельмі дапамагаюць, і ты перажываеш іх асабіста.

-Было шмат перашкод, каб сюды прыйсці. Доўга я глядзела на рэкламу рэкалекцый і толькі цяпер атрымалася быць тут. Была вельмі прыемна здзіўлена тым, што мой муж так хораша ўмее выяўляць свае пачуцці.

-Я духоўна подпітаўся на гэтых рэкалекцыях. Мы ўспомнілі маладосць, ацанілі нашае пражытае жыццё і паглядзелі па-новаму на наш шлюб. Плакалі, калі былі сам-насам.

-Спачатку я падумаў, што гэта не для мяне, а потым думкі цяклі ракой. Час ляцеў так хутка, што мы і не заўважылі, як наступіла нядзеля. Старонніх думак не было. З'яжджаю з пачуццём кахання, пяшчоты, дабрыні ў адносінах да жонкі. Зразумеў, што трэба больш быць з жонкай і дачкой.

-Пазнала шмат новага пра свайго мужа. Дзякуй яму за гэтыя выходныя.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне