З дзяцінства вельмі люблю коней. Я жыла ў доме, размешчаным побач з фермай. А самым найбліжэйшым ад нас будынкам была стайня. Я магла гадзінамі там знікаць: карміць коней, насіць ім смачнасці, гладзіць, зазіраць ім у вочы. Нават спрабавала ездзіць верхам! Заўсёды марыла аб такім сябры-коні, магчымасці імчацца галопам па полі з ветрам у валасах ...
Таму, калі з'явілася магчымасць наведаць на выходных конны клуб «Троя», наша сям'я была першая ў спісе жадаючых. Па прыездзе наша група прайшла навучанне. Нас навучылі трымацца ў сядле і мы адправіліся на невялікі шпацыр. Пасля прагулкі, перакусіўшы і падзяліўшыся эмоцыямі, нашы сем’і адправіліся на спецыяльна адведзеную пляцоўку. Нам паказалі «джыгітоўку» хлопцы і дзяўчыны з коннага клуба.
Уражанняў і пачуццяў было шмат. Ад страху і жаху, што конь «панясе», да ўсё перакрываючага захаплення.
Даўно хацела пабываць менавіта ў гэтым клубе. Чытала і чула, што гаспадыня Святлана проста жыве ім. А гэта не проста майстар сваёй справы, гэта куды больш каштоўна. Коні ў яе выдатныя - прыгожыя, зграбныя, дагледжаныя. Было вельмі здорава! А яшчэ і для здароўя карысна!
Алёна Якімчык
Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя