Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

З 18 па 26 ліпеня 2017 г. ў мястэчку Ужава поруч Вентспілса (Латвія) прайшоў турнус для сем'яў, удзельнікаў руху "Сужэнскія Сустрэчы". У турнусе ўдзельнічала 47 чалавек - 10 беларускіх сем'яў (з Баранавіч, Івацэвіч, Гродна, Менска) і 2 латышскія. Галоўнай парай, адказнай за арганізацыю турнуса, былі Аляксандр і Святлана Квяткоўскія (Баранавіцкі Цэнтр). Функцыі духоўнага кіраўніка выконваў а. Конрад Патыка (SVD).

Дарога да месца адпачынку была напоўнена радасцю сустрэч. Начлег у нас быў запланаваны ў Вільнюсе і так, як быў панядзелак, нашу традыцыйную сустрэчу мы вырашылі правесці ў беларуска-моўнай парафіі святога Барталамея. Да нашай малітвы далучыліся Лідары Літвы і Лідары Вільнюскага цэнтра. Пачуццё прыналежнасці да адной вялікай дружнай міжнароднай сям'і прысутнічала ва ўсіх нас. Мы вельмі ўдзячныя нашым сябрам - літоўскім аніматарам за ветлівы прыём і цудоўную экскурсію па Вільнюсе.

Ужава для нас стала практычна другім домам, бо ўжо ў пяты раз мы праводзім тут турнус: знаёмыя, ветлыя твары прымаючага боку, звыклая абстаноўка, прыгажосць прыроды і шум мора. Праграма была насычанай: штодзённыя Святыя Імшы, ранішнія і вячэрнія малітвы на часаслове, тры тэматычныя сустрэчы("Адпачынак і вольны час", "Ойче наш…" і "Ліст кахання"), развага над Божым словам, велапрагулкі па Вентспілсе, экскурсіі, песні ў вогнішча, танцы, традыцыйная юха і вядома ж - мора. Шмат прыемных пачуццяў прынёс прыезд да нас у госці а. Юрыса і аніматараў з Вентспілса, Кулдзігі і Рыгі. Сапраўды было адчуванне адзінай дружнай сям'і Сужэнскіх Сустрэч. Асаблівым хвалюючым момантам для нас быў удзел у Святой Імшы ў якасці дыякана Дайніса Сцікутса, а яго казанне было прасякнута духам "Сужэнскіх Сустрэч".

Увогуле, адпачынак з сэнсам атрымаўся, пра што кажуць самі ўдзельнікі:

- Гэты турнус дапамог нашай сям'і забыцца пра побытавыя праблемы і, нарэшце, звярнуць увагу адзін на аднаго. Штодзённая малітва спрыяла сапраўднаму духоўнаму самаўдасканаленню. Мора, а таксама спакойная і нязмушаная абстаноўка далі выдатную магчымасць знаёмства і адносін з іншымі сем'ямі. Мы засталіся вельмі задаволены гэтым адпачынкам дзякуем арганізатарам за іх працу.

-- Турнус 2017 разам з Сужэнскімі Сустрэчамі быў для нас ужо другім па ліку. З мінулага года ў нас засталіся толькі самыя цёплыя ўспаміны і нецярплівае чаканне наступнага турнуса. З нецярпеннем хацелася вярнуцца да той цёплай дружалюбнай, нават сямейнай атмасферы, да спакойнай Ужавы, бурнаму мору і квітнеючаму Вентспілсу. Але турнус з Сужэнскімі Сустрэчамі - гэта не проста адпачынак на моры і загаранне на пляжы, гэты час, калі сям'я становіцца адным цэлым. Няма ні працы, ні тэлефонаў, ні паўсядзённых клопатаў. Гэты час яднання з Богам, час сям'і і працы над сваімі адносінамі. Дыялогу спрыяюць выдатныя анімацыі. І няхай нас, часам здзьмуваў вецер, гэта была выдатная нагода мацней прыціснуцца да сваёй другой палоўкі!

-- Дзякуем Богу і арганізатарам за цудоўную прыгоду і адпачынак. Дзякуючы вам, мы маглі ўзрастаць у сужэнскім каханні. Гэты цудоўны час, які быў патрэбны нам і нашай сям'і, дзякуй за яго напаўненне. На падобным адпачынку мы першы раз, таму штосьці дадаць нам складана. Але мы чулі, што былі падрыхтаваны дадатковыя дзве сустрэчы, якія не праводзіліся. А нам было б цікава... Да, так шмат на рускай мове мы яшчэ не маліліся, гэта і досвед для нас, і ўсведамленне таго, наколькі нам дарарая беларуская мова і польскіая. Зразумела, што ў кожнага з нас ёсць недахопы і дзякуючы падобным мерапрыемствам, пазней ці раней мы пачынаем іх бачыць. З вашага боку ( арганізатараў), мы недахопаў не знайшлі, а насупраць. Нам спадабалася: штодзённая Святая Імша + пропаведзь + часаслоў, развагі над Божым словам, цікавыя тэматычныя сустрэчы, прыгожае месца і такі "сямейны" Вентспілс, мора і агульныя заходы, шмат дзяцей і лазня, сустрэчы з гасцямі з "Сужэнскіх сустрэч", братэрская атмасфера, цудоўныя сем'і, смачная кухня. Вялікае дзякуй і да сустрэч!

-- «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11: 28). Ganibas 2017 стаў для нас месцам сапраўднага адпачынку, супакою, радасці, новых прыемных знаёмстваў. Дзякуем Богу і ўсім, хто быў з намі!

--Балтыка сустрэла нас прахалодным морам, актыўным ліпеньскім сонцам і свежым ветрам. Дзякуй усім за сямейную атмасферу, за сумесную малітву.

-- Я дзякую Богу за радасць сустрэчы з Ісусам на Святой Імшы, за час, праведзены з сям'ёй, за магчымасць зазірнуць у сябе. Адарваўшыся ад паўсядзённай мітусні і будняў пачынаеш адчуваць жыццё, дыхаць па-новаму.

-- Бог у чарговы раз паказаў сваю веліч і сваю літасць у стаўленні нас, простых людзей. Надвор'е было выдатнае, мора кожны дзень прыемна дзівіла зменамі і чакала ад нас кампліментаў.

- Мы першы раз удзельнічалі ў турнусе, да гэтага нават не ведалі, што гэта такое. Зараз разумеем - гэта адпачынак з Богам, а значыць - з сэнсам. Вельмі добрая праграма, атрымалі ўсё неабходнае і для душы і для цела. Цёплая, добразычлівая атмасфера, адчуванне прыналежнасці да адной дружнай сям'і нараджала шмат прыемных пачуццяў. Увогуле, усё было выдатна!

-- Кожны дзень малітва, Божае слова, пропаведзь - гэта ўсё ўзмацняла адчуванне адзінства сям'і. Адпачынак атрымаўся!

 

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне