Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

З 24 па 26 сакавіка 2017 г. у Баранавічах прайшлі чарговыя рэкалекцыі для сужэнстваў у рамках праграмы Сужэнскіх сустрэч. Рэкалекцыі праводзілі аніматары а. Конрад Патыка, кс. Генадзь Кухарэвіч і сужэнскія пары: Святлана і Аляксандр Квяткоўскія і Таццяна і Андрэй Антонавы. На сустрэчы прыехалі шэсць пар: тры пары з Менска, адна пара з Гародні і дзве з Баранавіч. Хацелася б адзначыць, што, праводзячы ўжо не першы раз рэкалекцыі заўважаем - колькі перашкод, у тым ліку і бытавых, даводзіцца пераадольваць сужэнствам, калі яны прынялі рашэнне ўдзельнічаць і як Бог дапамагае іх пераадолець, калі яны не адмаўляюцца ад сваіх намераў. Так было і гэтым разам, але па выказваннях удзельнікаў на заключнай сустрэчы пра перажытае за гэтыя тры дні працы над сабой і вынікам гэтай працы, стала ясна, што гэтыя перашкоды пераадольваліся не дарма. Слухаючы тое, пра што падзяляліся ўдзельнікі, якія перажывалі пачуцці, з якім настроем і пастановамі з'яжджаюць, мы таксама адчулі пачуццё задавальнення ад зробленай працы і падзякі Богу за благадаць, дадзеную нам у гэтыя дні. Акрамя гэтага мы, аніматары, адчувалі сваё дачыненне да Божага плану ў стаўленні да ўдзельнікаў, а таксама самі глыбока перажылі рэкалекцыі у сваіх сужэнствах. Выказваем падзяку святарам за духоўную падтрымку, а таксама шчырасць і адкрытасць пры дзяленні сваім асабістым жыццём як узорам служэння Богу і бліжняму.

Выказванні ўдзельнікаў:

- Прыехалі, не маючы адмысловых праблем у сямейным жыцці, але вынікі сустрэчы перасягнулі ўсе нашы чаканні. Мы яшчэ больш адкрыліся адзін на аднаго, усе пачуцці перажылі ў яшчэ большай канцэнтрацыі.

- Пра пачуцці я, як мужчына, асоба і не кажу. Тут, не саромеючыся, змог выказаць тое, што не агучваў раней, было досыць часу, каб усё абдумаць, асэнсаваць.

- Нягледзячы на крыўду адзін на аднаго, якая перапаўняла нас, калі мы прыехалі, менавіта сустрэчы і дыялог у духу кахання, дазволіў скінуць маскі, унутрана адкрыцца, шчыра распавесці пра тое, што ўсярэдзіне.

- Абавязкова працягнем гэту практыку, 5 хвілін на абмеркаванне недасоленага супу і ўсё, жывём далей, не марнуем наша каханне на дробязі.

- Тры дні толькі адзін для аднаго, перажылі нанова падзабытыя пачуцці, нанова адкрылі адзін аднаго.

- На "Сужэнскія сустрэчы" збіраліся 3 гады і я вельмі нервавалася, маім болем з'яўляецца пытанне шлюбу. За тры дні ўсе думкі і пачуцці - сталі на свае месцы, расклаліся па палічках, прыемна, што шматлікія нашы погляды супадалі. Зразумела, праз адкрытасць аніматараў, што не развязальныя здавалася рэчы, становяцца вырашальнымі з Хрыстом!

- Я вельмі не шматслоўны, скажу коратка - ад рэкалекцый я атрымаў задавальненне, мне вельмі спадабалася. Дзякуй.

- Вельмі глыбока перажыла моманты сустрэчы, за тры дні мы сталі яшчэ бліжэй адзін аднаму. Пачуцці, як святло, запаліліся яшчэ ярчэй.

- Такія ўзварушэнні вельмі мне патрэбныя, нейроны ў галаве зарабілі хутчэй. Ёсць жаданне працягваць дыялог.

- Вельмі спадабалася дадзеная методыка, усе эмоцыі - і слёзы і неразуменне і радасць можна асэнсаваць і выказаць. Абавязкова працягнем гэту практыку.

- Вельмі радыя, што напачатку сямейнага жыцця пабывалі на "Сужэнскіх сустрэчах", увесь багаж возьмем з сабою. Правілы дыялогу будзем выкарыстоўваць у жыцці.

- Для мяне, рэкалекцыі, гэта як зарадка батарэйкі, гэта энергія, якая дае штуршок для далейшага развіцця.

- Калі ў жыцці прыходзяць цяжкія моманты, я заўсёды ў думках вяртаюся да лепшага, што было, і для мяне гэта: мая бацькоўская сям'я - тая адмысловая атмасфера, як жылі, як вучылі мяне… і маё пакліканне - праз малітву, якой мяне навучыў святар, і я стоячы на каленах, прамаўляючы яе словы, без прымусу, адзін у храме, перажываў такую радасць і захапленне… На гэтых рэкалекцыях я знаходзіўся ў атмасферы сям'і і малітвы.

- Усе перажытыя рэкалекцыі не падобныя адзін на аднаго. Атмасфера якую стваралі самі ўдзельнікі дапамагла мне перажыць сустрэчы лёгка. Удзячная мужу за дыялог, падтрымку.

- У сужэнскім жыцці важна выйсці на сустрэчу адзін з адным, наладзіцца на дыялог, на працу. Карысна  выказаць тое, што адчуваеш. Для мяне гэта своеасаблівая падзарадка

- Гэтыя рэкалекцыі я перажыла ў атмасферы радасці ды і супалі яны са святам Звеставання. Я вырашыла не загружаць сваю галаву аналізам, разважанням, "выключыць мозг, уключыць эмоцыі і пачуцці, зазірнуць у сэрца і проста даручыўшыся Богу выконваць Яго волю. Мне было лёгка дзяліцца сваімі пачуццямі, бо аддаваць, дзяліцца, калі гэта камусьці трэба, выдатна! Я вельмі ўдзячная мужу за падтрымку, разуменне.

- Да ўдзелу ў "Сужэнскіх сустрэчах" я думаў, што ў мяне ўсё добра, ніякіх праблем. Дыялог прымушае працаваць - над сабой, над адносінамі ў сям'і, і каханне, адчуванне шчасця, да якога мы ўсё імкнёмся, патрабуе сіл, духоўных і матэрыяльных высілкаў.

                                 Аляксандр Квяткоўскі

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне