Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

У Божай прысутнасці: рэкалекцыі ў Оршы

Нарэшце, пасля некалькіх няўдалых спробаў, удалося арганізаваць асноўныя рэкалекцыі Сужэнскіх Сустрэч ў Оршы. Яны былі арганізаваныя айцом Браніславам Дашкевічам OP, парамі з Віцебска, пры падтрымцы і дапамозе мінскага цэнтра.

З чатырох сужэнстваў, якія запісаліся, на рэкалекцыі прыехалі тры, але нягледзячы на невялікую колькасць удзельнікаў, атмасфера была працоўная. Адначасова настрой ва ўсіх быў дастаткова ўзняты, у тым ліку і дзякуючы адкрытасці і пачуццю гумару большасці ўдзельнікаў.

Гэты ўікенд даў нам пачуццё ўпэўненасці ў тым, што Сужэнскія Сустрэчы будуць плённа развівацца і ў Віцебскай дыяцэзіі. Ёсць моцныя пары, ёсць святары, гатовыя гэтым займацца, таму ёсць надзея на тое, што з Божай дапамогай усё атрымаецца.

З выказванняў:

“Я ўдзячная Богу за тое, што Ён усё робіць у свой час, калі гэта найбольш патрэбна. Я адчувала, што праз аніматараў дзейнічаў Дух Святы. Я адчуваю большы давер да Бога, які благаславіў нашае сужэнства”.

“Складана ўбачыць самога сябе. Слухаючы аніматараў, мы бачым саміх сябе. Дух Святы так распарадзіўся, што мы тут, Ён тут ахінуў нас нібыта купалам”.

“Спачатку я адчувала спакой, потым было трошкі бунту. Але Дух Святы дзейнічае, і прыйшла разважнасць. Бачу, што сітуацыі аніматараў можна спраецыраваць на сябе”.

“Я хацеў зрабіць прыемнае жонцы. Быў уражаны цёплым прыёмам. На рэкалекцыі я еду да Бога і ведаю, што Ён усё зробіць”.

“Мы бачым адно аднаго як у люстэрку. Фантан пачуццяў”.

“Гэтыя рэкалекцыі нібыта для мяне. Бачу, што ў руху ёсць адмысловая духоўнасць. На ўсіх нашых сустрэчах прысутны Бог”.

“Адчуваю пачуццё навізны, радасці, спакою. Ёсць моцнае адчуванне супольнасці”.

“Я быў упэўнены, што ўдзельнікі знойдуць нешта для сябе. Не толькі дапамагаў праводзіць, але і сам перажыў гэтыя рэкалекцыі”.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне