Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

25 - 27 лістапада 2016 года ў г. Баранавічы ў Доме Святой Тройцы прайшлі рэкалекцыі (асноўны WE) руху "Сужэнскія Сустрэчы". Ва ўікэндзе ўдзельнічала 7 пар і 3 святара з Мінска, Віцебска, Пастаў, Пінска і Баранавіч. Праводзілі рэкалекцыі аніматары: айцец Конрад Патыка SVD, Святлана і Аляксандр Квяткоўскія, Таццяна і Андрэй Антонавы і Вікторыя і Дмітрый Кіслыя. Вядучымі парамі былі падрыхтаваны сустрэчы, дзе закраналіся найболей складаныя праблемы сям'і - неразуменне пачуццяў, сямейныя крызісы, адносіны з дзецьмі, сувязь з Богам і інш. Няпроста ў штодзённым жыцці заўважаць сваёй слабасці і недахопы кахання да мужа/жонкі, прызнаць свае памылкі, папрасіть прабачэння. Дыялог сямейнай пары кранаўся найболей вострых пытанняў, сужонкі не баяліся прызнацца ў сваіх слабасцях адзін аднаму, стаць перад Ісусам у праўдзе аб сабе, даручыць Богу свае слабасці і папрасіць прабачэння.

 Вельмі добразычлівыя адносіны ў групе, яднанне і паразуменне спрыялі глыбокаму перажыванню падрыхтаваных сустрэч. На нядзельнай Святой Імшы прайшоў абрад абнаўлення шлюбных прысяг.  Рэкалекцыі прынеслі багаты плён і пра гэта сведчаць самі ўдзельнікі:

- Спадабалася атмасфера адкрытасці, з'явілася пачуццё чысціні, "чагосьці мяккага і пухнатага". Стаўленне да мужа стала як 15 гадоў назад.

- Сітуацыі, агучаныя ў анімацыі, паказваюць, як важная вера ў Бога, як у святле веры вырашаюцца жыццёвыя праблемы, толькі разам сужонкі павінны вырашаць усе пытанні. Шматлікае пераасэнсавалася на ўікэндзе і вярнуўшыся дамоў, буду многае вырашаць з іншых пазіцый.

- Пасля рэкалекцый на душы адчуванне чысціні, радасці, душэўнага ўздыму.

- Усе пытанні сямейнага жыцця трэба вырашаць толькі разам. Плануем і дома працягнуць вядзенне дыялогу.

- Для мяне асабіста, назваць свае пачуцці складана. З'явілася надзея, з дапамогай дыялогу пачуць, зразумець жонку. Тут я па-сапраўднаму наблізіўся да жонкі за 6 гадоў, без ілюзій.

- Выразнасці ў адносінах з мужам стала больш, абудзіліся вельмі трапяткія, далікатныя пачуцці да яго. Я зразумела, наколькі ён мне дарагі. Хочацца яшчэ больш пазнаваць яго. Зерні гэтых нашых "сужэнскіх сустрэч" абавязкова прарастуць.

- Скептычна ставіўся да метаду правядзення (думаў - тэорыя), але апынулася на практыцы механізм працуе, дапамагае зразумець адзін аднаго. Дадзеныя рэкалекцыі дапамаглі мне раставіць прыярытэты ў жыцці: БОГ, сям'я, праца, грамадскае жыццё.

- Усе практычныя рэкамендацыі дыялогу абавязкова буду ўвасабляць у жыццё. Вельмі ўзрадавалі аднолькавыя меркаванні і погляды з мужам на шматлікія пытанні, паўстала адчуванне адзінства сям'і, даверу, супакою.

- Планую працягнуць весці дыялог у далейшым. Думаю, што прынцыпы дыялогу дапамогуць выбудоўваць адносіны не толькі з жонкай, але і з бацькамі і калегамі.

- Зразумела, што мне варта запасціся цярпеннем. Я поўная рашучасці на працяг дыялогу і адкрытасці на мужа.

- Дыялог абавязкова працягнем, атрымалі практычныя парады да  дзеяння.   Будзем вучыцца распазнаваць пачуцці.

- Для мяне важна, што сустрэчы накіраваны на адносіны паміж сужонкамі. Усе пытанні дапамаглі прыняць словы мужа з каханнем і пяшчотай. Рэкалекцыі вучаць мяне развіццю сямейных адносін.

- Зразумеў, што быў зачынены для жонкі, баяўся падзяляцца з ёй сваімі пачуццямі. Яшчэ больш ацаніў тое, што Бог даў нам магчымасць ісці па жыцці разам. Не адкладаючы на заўтра, буду карыстацца правіламі дыялогу.

- Рэкалекцыі пайшлі на карысць нашай сям'і, з дапамогай прынцыпаў дыялогу будзем імкнуцца жыць далей.

- Рэкалекцыі, своеасаблівае ўзрушэнне для мяне, пераасэнсаванне: што было, ёсць, будзе. Гэты час, прысвечаны сабе, жонцы, нашым адносінам.

- Мяне эмоцыі проста перапаўняюць і трэба час на пераасэнсаванне. Я адчула сябе пачутай мужам. Мы ўбачылі сябе з новага боку. Захоплена і вельмі радая, што маладыя пары, ўдзельнікі рэкалекцый, пачынаюць сваё жыццё з Богам.

- Адносіны паміж сужонкамі не павінны быць шэрымі, важна "падкідаць дроў у агонь", каб агонь сужэнскага кахання не згасаў. Рэкалекцыі для мяне як акумулятар, падсілкоўванне на далейшае жыццё. Не перастаю дзівіцца цудам, створаным Богам.

- У мяне адчуванне супакою, ціхай радасці, шчасця. Не адчуваю стомленасці, дзякуй усім за адкрытасць. Яшчэ раз пераканалася, што ў адносінах паміж сужонкамі не павінна быць застою, падобна ціне ў сажалцы. Дыялог  як крыніца, якая дае свежасць адносінам.

- Разумею, што вынікі рэкалекцый для мяне не будуць у ключы -  усё і адразу.  Яшчэ будзе шмат разважанняў, пераасэнсавання, высноў.

- Я пераканалася, што прынцыпы дыялогу працуюць у нашай сям’і, шматлікія пытанні, якія выклікалі неразуменне яшчэ год назад, ужо не з'яўляюцца праблемай. З адкрытым сэрцам у сваіх анімацыях хацелася падзяляцца з іншымі. Дамоў з рэкалекцый павязу цёплую атмасферу кахання, зычлівасці, адкрытасці.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне