Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

У чарговы раз удзельнікі руху "Сужэнскія Сустрэчы" схілілі калені перад цудатворным абразам Маці Божай Будслаўскай. Шлях пілігрыма можа быць розным, мэта - адна. Сёлета сем'і Баранавіцкага Цэнтра вырашылі далучыцца да пешай пілігрымкі "Баранавічы - Будслаў" у першы і апошні дзень. Як гэта было:

-  Ізноў я ў дарозе… Што гэта для мяне азначае? Гэта значыць - я ў пошуку: у пошуку Бога, у пошуку адказаў на пытанні, у чыне падзякі за жыццё, значыць, што я яшчэ не абыякавы, яшчэ жывы. А таксама я побач з тымі, хто прагне вырашаць свае справы з дапамогай Марыі. Дзякуй усім, хто побач, што вы ёсць. Гэта таксама дадае моцы жыць.

- У маім жыцці было шмат пілігрымак, і кожная - асаблівая, не падобная на іншыя.  Гэта пілігрымка дапамагла мне зноў адчуць сябе часткай вялікай сям'і аніматараў з агульнымі радасцямі і сумеснымі пераадоленнямі  цяжкасцяў  і  стала для мяне месцам  духоўнага яднання з Богам. Сэрца напоўнена радасцю, каханнем, супакоем і надзеяй.

- Я перажыла гэту пілігрымку  з трапяткім сэрцам, з велізарнай падзякай Богу за аказаную  міласць быць  побач з Ім. Нашы сумесныя малітвы, цяжкасці пешай дарогі, радасць сустрэчы  са сваімі  знаёмымі і сябрамі, гэта ўсё вельмі насыціла ўнутры дабрынёй і надзеяй.

- Для мяне ўвесь гэты шлях вельмі важны. Самае галоўнае, што ўся сям'я разам, і тыя малаважныя цяжкасці (спякота, нацёртыя ногі і г.д.) гэта такая маленькая плата за грахі. Была падтрымка, увага, цярпенне. Гэта дарагога варта!

- Гэта мая не першая пілігрымка, але з усёй сям'ёй я ішла ўпершыню. Мне было вельмі спакойна ад гэтага ўнутры, я адчувала ўвесь час духоўную і фізічную падтрымку.

- Шчаслівая, што праз 10 гадоў пасля першай пілігрымкі, змагла прайсці гэты дзень усёй сям'ёй, з чатырма сынамі. У захапленні ад пілігрымаў, іх энергіі, падтрымкі.

- Час, праведзены ў пілігрымцы  быў для мяне цішынёй і супакоем  у сэрцы. Я ведала, што цяжкасці ўсе, і нават нашы інтэнцыі самыя цяжкія,  з якімі мы ідзём, мы данясём, а самі хоць з "балючымі" нагамі і жудаснай  спякотай дойдзем да Марыі. Яна  заўсёды дапаможа і анёлачка падашле. З ёю трэба сябраваць заўсёды. Гонар і хвала нашым  дзеткам, якія з такой энергіяй неслі сцягі пілігрымаў, гэта трэба было бачыць! Дзякуем Богу за іх жыццё, дзякуем іх бацькам, гэта  проста выдатна! Хай у іх заўсёды будзе сіла і энергія, здароўе і апека ва ўсіх іх інтэнцыях да  Маці Божай Будслаўскай. А сэрца спявае:"Я праслаўляю Цябе, Хрыстос, за Тваю ласку ,за любоў Тваю!"

З  Мінска таксама рознымі спосабамі дабіраліся да Будслава, хтосьці ішоў у арганізаваных паломніцтвах з Мінска, хтосьці ў “галоднай”, хтосьці ў сямейнай ЭНД,а  хтосьці ішоў у паломніцтве з іншых гарадоў.

- Трое Пашаў (Малеваннікаў, Боярчук, Кузьміцкі) і Арыша ехалі на роварах. На дарогу нам спатрэбілася ледзь больш шасці гадзін, і нам здалося гэта вельмі хутка, напэўна ў наступным годзе варта павялічыць адлегласць. А ў Будславе мы сустракалі паломнікаў з Маладзечна, там брат Алег Шэнда, як першы шматдзетны капуцын у Беларусі, 4 дні ішоў з Дамінікай, Лаўрай і Дашай.

Маці Божая Будслаўская з’яднала ўсіх пілігрымаў у адзіную вялікую хрысціянскую сям’ю.

 

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне