Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

З 27 па 29 лістапада 2015 г. у Баранавічах  у Доме Святой Тройцы прайшоў рэкалекцыйны ўікэнд руху  "Сужэнскія  Сустрэчы". Удзельнікі -  5 сужэнскіх пар (Слонім, Івацэвічы, Баранавічы і Мінск), а таксама святар брат Віталь (капуцын) з прыходу касцёла Святога Андрэя ў Слоніме. Праводзілі ўікэнд аніматары з Баранавіч: Аляксандр і Святлана Квяткоўскія; Валерый  і Анжэла Раманчыны;  Андрэй  і Таццяна  Антонавы і айцец Конрад Патыка (SVD) .

Уікэнд  прайшоў у спакойнай, цёплай  атмасферы, былі створаны ўсе ўмовы для  засяроджанасці і працы, бо  ўікэнд - унікальная магчымасць падумаць аб свім сужэнстве, палепшыць паразуменне ў сям’і.  Старанна прадуманыя анімацыі-сведчанні са свайго жыцця, дапамагалі ўдзельнікам перажыць сапраўдны дыялог. Адкрытасць духоўнага кіраўніка, яго  сведчанне таксама служылі дапамогай удзельнікам у дыялогу, у адкрытасц і адзін аднаму і Богу.

Уікэнд, які з'яўляецца СУСТРЭЧАЙ мужа і жонкі ў духу кахання і ў прысутнасці Ісуса Хрыста атрымаўся, пра што сведчаць выказванні ўдзельнікаў:

- Дарога сюды далася нялёгка, было 2 тыдні зацятай працы, трэніровак, каб вызваліць выходныя. Апошнія дні адчувала фізічнае перанапружанне і нервовы зрыў. Але задаволена, што пераадолелі ўсё і акунуліся ў іншыя адносіны. Блізка перажылі анімацыі, перанеслі на сябе. У душы палёт, натхненне ад пачуццяў, выказаных мужам.

 - Паездка на ўікэнд  далася нялёгка. Былі непрыемныя сітуацыі, я маўчала, бачачы патухшыя вочы мужа, шмат плакала, раздзіралася сумненнямі. Але, як цуд, гэтыя рэкалекцыі сталі вяртаннем агню ў нашае жыццё,і мне прыемна бачыць закаханыя вочы мужа.

- Хацелася прыехаць даўно, удзельнічалі ў сустрэчах для закаханых. У мітусні будняў вельмі складана казаць пра пачуцці. Напярэдадні паездкі было шмат перашкод, кашмар ад працы, якая навалілася і  якую хацелася зрабіць у выходныя, дзесьці нежаданне ехаць, проста не было сіл вырвацца са штодзённасці. Але прынята рашэнне ехаць - трэба трымаць слова. І ўсё атрымалася, застаўся вельмі задаволены вынікам - гэта рух наперад. А пачуцці самыя прыемныя, адным словам - супер!

- У мяне атрымалася сказаць мужу тое, што ў паўсядзённасці сказаць пасаромелася б. Прыемна, што муж стаў больш уважлівы.

- Вельмі задаволены прадстаўленай магчымасці падзяліцца з жонкай цёплымі пачуццямі.

 - Для мяне гэта былі плённыя рэкалекцыі:  шмат з сябе выцягнула, усё расклала па палічках і напоўнілася пачуццём супакою.

- Мне спадабалася атмасфера нашага з жонкай дыялогу, я шмат дзяліўся сваімі пачуццямі, думкамі, планамі.

 - Я адчувала сябе вельмі спакойна і ўпэўнена. Гэта было сапраўднае яднанне з мужам, яшчэ вялікая блізасць у адносінах. Дахаты я заўсёды вяртаюся з радасцю,  а сёння гэтае адчуванне "…і будуць адно цела", проста ў бязмернай ступені.

                               Таццяна Антонава

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне