Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

Традыцыйна, у канцы чэрвеня, сотні каталікоў накіроўваюцца ў Санктуарый Маці Божай у Будславе, каб пакланіцца, мабыць, самай ушанаванай святыні Беларусі. Рух "Сужэнскія Сустрэчы" таксама не застаўся ўбаку ад гэтай падзеі. З 29 чэрвеня па 4 ліпеня члены сем'яў з нашага руху і моладзь здзейснілі веласіпедную пілігрымку ў Будслаў. Пачалося наша вандраванне ад Дома Святой Тройцы на Шаўчэнка, дзе мы сустрэліся і пераселі на сваіх "жалезных канёў". Далей была Святая Імша ў Столовічах, якую правёў наш духоўны кіраўнік а.Конрад Патыка. Мы нават не паспелі прагаладацца, а ў Паланечцы нас ужо чакаў сытны абед у добрых і ветлівых гаспадароў. Наогул на працягу ўсяго шляху нам сустракаліся пазітыўныя, заўсёды гатовыя даць прытулак і ежу людзі. Некаторыя былі знаёмыя нам, а іншыя, пазнаючы пра мэту нашага паходу зацікаўляліся і ўжо падрабязней распытвалі аб усім. Карацей, абыякавых сапраўды не было. Другі дзень мы ехалі праз Налібоцкую пушчу і камары нарэшце дачакаліся сваёй здабычы, але тым прыемней быў прыпынак на начлег у Івянцы, у цудоўным манастыры з незвычайным унутраным надворкам і міні-заапаркам. На трэці дзень нас трохі падмачыў дождж, але ён зусім не суцішыў наш запал. Прыпынак на возеры і маленькае знаёмства з лебедзямі стала завяршэннем гэтага яшчэ аднаго цудоўнага дня. Чацвёрты дзень запомніўся для некаторых з нас, узлётамі і падзеннямі, прычым у прамым сэнсе гэтых слоў. Ну а ўжо ўвечар, у Далгінава мы сустрэліся з пешай пілігрымкай з Брэста, дзе былі рады бачыць шмат знаёмых твараў.

У пілігрымку кожны адпраўляецца па сваіх прычынах, са сваімі чаканнямі. Але ўсіх нас аб'ядноўвае Вера ў Бога, нашы штодзённыя малітвы - разам і паасобку, услых і ў душы. Ровар, як сродак перамяшчэння, у дадзеным выпадку, дае магчымасць: як пабыць сам-насам з сабой, са сваімі думкамі, так і, параўняўшыся з кімсьці, завесці прыемную гутарку.

Так ужо духоўна падрыхтаваныя і фізічна стомленыя, на пяты дзень мы пад'язджалі да Будслава. Было вельмі цёпла, але ярчэй сонцы грэлі нас усмешкі і цёплыя прывітанні пілігрымаў, групы якіх усё часцей сустракаліся нам на шляху. Балелі мышцы, мазалі і абгарэлыя часткі цела, але ўвойдучы ў храм і пакланіўшыся Маці Божай Будслаўскай мы гатовыя былі праехаць яшчэ гэтулькі ж. Увечар была Імша для пілігрымаў, а ўначы працэсія са свечкамі, а затым - канцэрт. Стомленыя, але бясконца шчаслівыя, у суботу раніцай мы раз'язджаліся па дамах. Дзякуй Богу за чарговыя падораныя пяць цудоўных дзён, у якія мы адчувалі сябе адной вялікай сям'ёй.

                                  Анжэла Раманчына

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне