Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

Прыгажосць інтэр’ераў, унушальныя валы і глыбокія рвы, прыгожыя алеі, дух старажытнасці… Усё гэта адчулі і ўбачылі сем’і з Мінска, Бараўлян і Маладзечна падчас вандроўкі ў Нясвіж.

Нядзеля 17 мая пачалася для некаторых сем’яў з руху”Сужэнскія сустрэчы” даволі незвычайна. Патрэбна было хутка сабрацца, падрыхтаваць штосьці з’есці і рушыць у напрамку да сталіцы Радзівілаў. Усе чулі пра прыгажосць Несвіжскага замка, некаторыя былі тутда аднаўлення палаца, але хацелі ўбачыць на свае вочы захаваныя элементы інтэр’ера і магчымасці беларускай рэстаўрацыі.

Спярша наша група пабывала ў касцёле Божага Цела, які славіцца як першы барочны храм у Беларусі. Там мінская дэлегацыя прысутнічала на св. Імшы, якую ўзначаліў а. Андрэй Жылевіч, а казанне гаварыў кс. пралат Андрэй Стэцкевіч – нашы святары-аніматары. Ні з чым не параўнальная атмасфера касцёла, урачыстая служба накіравалі нашы думкі да нябёсаў. Пасля св. Імшы прайшла экскурсія па храму і склепе, дзе пахаваны Радзівілы.

Пасля невялкага перакусу нас чакаў асноўны элемент праграмы – экскурсія па замку Радзівілаў. Прыгожы парк, ставы і даволі моцны вецер нас панеслі ў даўніну стагоддзяў. Экскурсавод так добра расказваў, што мы амаль станавіліся сведкамі падзей у замку. Шматлікія пакоі ўражвалі, слуцкія паясы захаплялі, партэты Радзівілаў сурова пазіралі на нас. Беларуская гісторыя багатая, і таму гэта знаёмства з самым знакамітым магнацкім родам стала яшчэ адным пацверджаннем гэтага. Узнёслы настрой падтрымалі музыканты ў капліцы замка, каларыт жыцця магнатаў падкрэліла зброя арсенала Радзівілаў і паляўнічыя трафеі. Выйшаўшы з замку на цэнтральны пляц, усе знаходзіліся пад вялікім уражаннем ад пачутага і ўбачанага.

Пасля невялікай вандроўкі па парку наша дэлегацыя знайшла ўтульнае месца і сем’і падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі.Так мы цясней пазнаёміліся.

Усе дамовіліся працягваць традыцыю паездак.

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне